Rzeczpospolita: Лукашэнка баіцца адказу Украіны
42- 29.05.2024, 20:42
- 39,240
Цэлямі УСУ могуць стаць вайсковыя аб'екты пад Баранавічамі і Вілейкай.
Пуцін хоча прымусіць Лукашэнку больш актыўна ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле папулярнага польскага выдання «Rzeczpospolita» (пераклад з польскага - сайт Charter97.org).
«Беларусь валодае вельмі развітой супрацьпаветранай абаронай, і я не выключаю, што Пуціну патрэбная падтрымка Менска для прыкрыцця найбліжэйшых Бранскай і Курскай абласцей. Таму што расейская супрацьпаветраная абарона дзіравая», - заявіў выданню Аляксей Мельнік, украінскі эксперт у міжнароднай бяспецы з кіеўскага Цэнтра Разумкова.
Лукашэнка ўжо аднойчы здрадзіў Украіне, і больш яму ніхто не давярае. Таму на мяжы з Беларуссю дыслакуюцца сур'ёзныя сілы ўкраінскага войска, пабудаваныя абарончыя ўмацаванні.
«У 2022 годзе, калі з тэрыторыі Беларусі ўварваліся расейцы і адтуль паляцелі ракеты, Украіна прыняла палітычную пастанову не наносіць удары па рэжыме Лукашэнкі, каб не даваць яму падстаў для ўдзелу свайго войска ў гэтай вайне. На гэты раз, пасля двух гадоў вайны, адказ Кіева мог быць зусім іншым. Украіна дэманструе ўсё больш радыкальны падыход, у тым ліку ўдары па тэрыторыі Расеі», - кажа ён.
Украінскія баявыя беспілотнікі даляцелі да шматлікіх нафтаперапрацоўчых заводаў у глыбіні Расеі. А нядаўна яны атакавалі расейскую радыёлакацыйную станцыю вялікай далёкасці «Варонеж М», размешчаную ў Орску (Арэнбуржская вобласць). Гэта больш за 1800 кіламетраў ад украінска-расейскай мяжы.
Аналагічная расейская станцыя «Волга» знаходзіцца пад беларускімі Баранавічамі (гэта ўсяго ў 120 км ад украінскай мяжы). Пад Вілейкай (менш за 300 км ад мяжы з Украінай) з савецкіх часоў знаходзіцца расейская база сувязі «Антэй», з дапамогай якой камандаванне ВМФ Расеі злучаецца з падводнымі караблямі ў Атлантычным, Ціхім і Індыйскім акіянах.
Лукашэнка, гледзячы на мапу нафтаперапрацоўчых заводаў, якія гараць у Расеі, не можа не ўлічваць той факт, што ўсяго за 40 кіламетраў ад мяжы з Украінай, у Мазыры, знаходзіцца адзін з двух яго нафтаперапрацоўчых заводаў, якія забяспечваюць беларусаў палівам. Акрамя таго, большасць прадпрыемстваў беларускай абароннай прамысловасці апынуцца ў зоне дзеяння ўкраінскіх беспілотнікаў і ракет, якія мае Кіеў.