У Менску адкрылі гандлёвы цэнтр, які будавалі 10 гадоў са скандаламі
5- 29.05.2024, 15:02
- 13,052
На месцы зруйнаванага Чэрвеньскага рынку.
У Менску 29 траўня адкрыўся новы гандлёва-забаўляльны цэнтр (ГЗЦ) "Чэрвеньскі". Ён знаходзіцца на месцы зруйнаванага Чэрвеньскага рынку. Узвядзенне аб'екта расцягнулася амаль на дзесяць гадоў, перадае zerkalo.io.
А 12.00 першыя пакупнікі патрапілі ў ГЗЦ "Чэрвеньскі", які знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Аранскай і Маякоўскага. У моле пяць узроўняў: на ўзроўні -1 знаходзіцца паркоўка, на нулявым размясціўся гіпермаркет. На першым і другім паверхах - гандлёвыя плошчы, на трэцім - фуд-корт і забаўляльныя цэнтры.
Мяркуючы з інфармацыі на сайце ТРЦ, цяпер там працуюць гіпермаркет Green, крама адзення New Yorker, дзве крамы заатавараў - «Доктар Вет» і «ZOOмаркет», ёсць салон друкавання «Фармат», аптэка InLek і «Зялёная аптэка», пункт абслугоўвання “Банк ВТБ (Беларусь)”.
Нагадаем, у 2011 годзе ўлады надумалі прыбраць з перасячэння вуліц Аранскай і Маякоўскага адзін са старэйшых рынкаў Менска, які размяшчаўся там з 1897 года. На гэтым месцы іранская кампанія «Дыдас Інтэрнэшнл Груп» планавала да 2015 года пабудаваць буйны гандлёвы, бізнэс і забаўляльны цэнтр з плоскаснымі аўтастаянкамі і падземным паркінгам.
Ідэя не вельмі спадабалася прадпрымальнікам, якія гандлявалі на рынку, якіх улады спачатку абавязалі да ліпеня 2011 года пераехаць на размешчаны на ўскраіне горада рынак у Ждановічах. Урэшце прадаўцам і гарадскім уладам удалося знайсці менш радыкальную пастанову - і новы Чэрвеньскі рынак з'явіўся за кіламетр на поўдзень, насупраць Лошыцкага парку (за холадакамбінатам № 2). Туды пераехала блізу паловы прадпрымальнікаў старога рынку. У дзяржаўных СМІ гэты пераезд называлі "адраджэннем з попелу".
У 2013 годзе стары рынак зруйнавалі, але іранская кампанія не выканала сваіх абавязанняў, і ў 2015 годзе Мкнгарвыканкам скаваў з ёй дамову аб будаўніцтве. Пустка вярнулася ў распараджэнне горада. На аўкцыёне ў 2016 годзе права забудаваць зямлю здабыла інвестыцыйная кампанія "Сільвер Капітал", якая ўваходзіць у склад групы кампаній РАПА. РАПА, у сваю чаргу, валодае гіпермаркетамі і крамамі Green. "Сільвер Капітал" надумала пабудаваць тут гандлёва-забаўляльны цэнтр плошчай 30 тысяч квадратных метраў.
Узвядзенне новага ГЗЦ пачалося ў 2020-м. У лютым 2022 года на пашпарце аб'екта было пазначана, што яго плануюць скончыць да чэрвеня 2023-га. А ў ліпені 2023-га датай заканчэння будаўніцтва ўказваўся ўжо ліпень 2024-га. На жнівень 2023 года на аб'екце ўжо вяліся работы мантажавання фасадаў.