У Расеі ўзляцеў кошт трунаў
12- 29.05.2024, 18:07
- 6,328
Рэзкі рост кошту рытуальных паслуг і тавараў справакавала вайна з Украінай.
У лютым за выраб труны грамадзяне павінны былі заплаціць у сярэднім 7,4 тысяч рублёў. У параўнанні з тым жа месяцам 2022 года цана падскочыла на 66% – тады труну можна было набыць прыкладна за 4,5 тысяч рублёў, падлічылі «Важные истории» на аснове звестак Расстата.
Адначасова даражэе капанне магіл. Летась рост кошту гэтай паслугу дасягнуў 11,25% і стаў максімальным за ўвесь час даступнай статыстыкі (з 2016 года). У лютым гэтага года такія працы абыходзіліся ў сярэднім 10,2 тысяч рублёў, тады як у тым жа месяцы 2022 за іх патрабавалася аддаць каля 7,9 рублёў. Назапашаным вынікам за два гады вайны капанне магіл стала даражэйшым на 23%.
Таксама вырас кошт крэмацыі. Калі ў лютым 2022-га за яе трэба было заплаціць у сярэднім 21 тысячу рублёў, то цяпер - ужо 32 тысяч рублёў (52%). Экспэрт у рытуальным рынку адзначыў, што попыт на гэтую паслугу працягвае расці, паколькі яна абыходзіцца танней, чым пахаванне, якое ўключае аплату труны, крыжа, вянкоў, паслуг у падрыхтоўцы і добраўпарадкаванні магілы. Паводле ягоных слоў, асабліва крэмацыя запатрабавана ў буйных гарадах, у тым ліку Маскве і Санкт-Пецярбургу.
Сярэдні кошт пахавання па выніках 2023 года склаў 54,9 тысяч рублёў, што на 6% больш, чым у 2022-м - тады цырымонія пахавання абыходзілася ў 47,3 тысяч рублёў. У асобных рэгіёнах скачок коштаў быў асабліва рэзкім. Найбольшы рост паказала Кабардзіна-Балкарыя (65%), Адыгея, Калмыкія, Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга (54-56%). Далей ідуць Карэлія, Растоўская і Ленінградская вобласці (31-32%). Замыкаюць дзясятку Прыморскі край, Паўночная Асеція і Стаўраполле (28-29%).
У галіны тлумачаць рост коштаў інфляцыяй, ваганнямі курсу валют і падаражаннем сыравіны, у прыватнасці драўніны і металу. Агульны даход рытуальных кампаній у 2023 годзе склаў 96,7 млрд рублёў. Гэта на 7,2 адсотка больш, чым у 2022-м. За апошнія пяць гадоў абарачэнне пахавальнага бізнэсу вырасла на 51%.