Стала вядома, хто кіраваў прыватным беларускім самалётам, які прызямліўся ў Вільні
24- 29.05.2024, 20:20
- 49,104
Айцішнік падвёз сяброўку з Менска да Ryanair.
У аэрапорце Вільні раніцай 28 траўня здзейсніў пасадку самалёт з Менска. Выданне devby.io высветліла, хто ім кіраваў.
Самалёт належыць прыватнаму аэрадрому «Сівіца» пад Барысавым. А кіраваў ім заснавальнік кампаніі HQSoftware Сяргей Вардамацкі.
На сваёй старонцы ў Facebook ён называе сябе «апошнім прыватным “міжнародным” пілотам з Беларусі», а таксама [дзякуючы ўвазе медыя] «самым знакамітым». І апавядае, што такім чынам «падвёз сяброўку да Ryanair».
Акрамя таго, Вардамацкі зазначыў, што «ніхто ніколі не закрываў паветра ў ЕЗ для беларускіх самалётаў, як і не забараняў прыязджаць на сваім аўтамабілі» – палёты з Беларусі ў ЕЗ абмежаваны толькі для авіяперавознікаў.
Нагадаем, пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Менску ў траўні 2021 года Еўразвяз забараніў беларускім авіяперавознікам выкарыстоўваць еўрапейскую паветраную прастору і аэрапорты. Пазней да санкцый далучыліся і краіны, якія не ўваходзяць у ЕЗ: Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Сербія і Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія, а таксама Украіна.
Еўразвяз таксама рэкамендаваў еўрапейскім перавознікам адмовіцца ад палётаў у паветранай прасторы Беларусі.