1 верасня 2024, Нядзеля, 7:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Ляхавічамі вяскоўцы падумалі, што фермеры забралі ў іх дождж

5
Пад Ляхавічамі вяскоўцы падумалі, што фермеры забралі ў іх дождж

У чым справа?

Жыхары вёскі Альхаўцоў Ляхавіцкага раёна ўжо даўно не могуць дачакацца дажджу. Яны западозрылі, што справа ў размешчаным побач садоўніцкім прадпрыемстве, а менавіта - у яго супрацьградавай устаноўцы. На думку вяскоўцаў, яна разганяе хмары і пазбаўляе іх дажджу. З такой скаргай яны патэлефанавалі ў рэдакцыю газеты «Ляхавіцкі веснік».

«Іх гармата ўвесь час страляе, адганяе дажджы, якія так патрэбныя агародам!» - наракалі жыхары вёскі.

Выданне звярнулася па каментар да кіраўніцтва ТАА «Яблыневы пасад», у якога ў тым раёне размешчаны яблыневы сад плошчай 216 гектараў. Выявілася, два гады запар яблыні моцна пакутавалі ад граду. Каб абараніць ураджай, прадпрыемства набыло супрацьградавую ўстаноўку «Зеніт».

Сёлета яе пусцілі ў справу — і адразу сутыкнуліся з неразуменнем ад мясцовых жыхароў. Са слоў кіраўніцтва, для гэтага няма ніякіх падстаў.

- Устаноўка не разганяе дажджавыя хмары, яна ператварае град у звычайны дождж, - тлумачыць намеснік дырэктара прадпрыемства Генадзь Кернога. - Мы сочым за надвор'ем на чатырох рэсурсах. І калі бачым магчымыя навальніцы і град, то за 20-30 хвілін да іх пачатку ўключаем устаноўку. Праца «Зеніта» заснаваная на ўздзеянні паветраных «удараў» на атмасферу. Змешваюцца ніжнія цёплыя пласты паветра з верхнімі халоднымі, адбываецца «стрэл», і град ператвараецца ў дождж.

Дарэчы, страляе «гармата» даволі гучна: на відэа ніжэй можна ўбачыць сістэму «Зеніт» у працы.

Са слоў намесніка кіраўніка прадпрыемства, дыяпазон дзеяння сістэмы абмежаваны - радыус не перавышае 500 метраў. Ён падкрэслівае, што іх яблыневы сад як ніхто іншы зацікаўлены ў дажджы, бо дрэвам трэба вельмі шмат вады і паліў выходзіць дарагім.

- Сёлета прайшлі ўжо чатыры дажджы, і дзякуючы менавіта «Зеніту» атрымалася папярэдзіць град. Нашаму яблыневаму саду ападкі ў выглядзе дажджу таксама вельмі неабходныя, мы як ніхто іншы зацікаўленыя ў такіх ападках, бо шмат вады выкарыстоўваем на паліў саду, - дадаў Генадзь Кернога.

З аналагічнымі прэтэнзіямі вяскоўцаў сутыкнулася і яшчэ адна фермерская гаспадарка, дзе таксама выкарыстоўваюць супрацьградавую ўстаноўку. Скаргі, відаць, неаднаразова даходзілі і да мясцовых чыноўнікаў, і яны вельмі незадаволеныя неразуменнем жыхароў: на іх думку, тыя павінны быць удзячныя.

- Выкарыстанне супрацьградавых установак дае магчымасць абараніць ад гэтай прыроднай з'явы не толькі тэрыторыі «Яблыневага Пасада» і фермерскай гаспадаркі «Уладзімір плюс», але і найбліжэйшых зямель. Таму замест таго, каб наракаць, што яны сваімі прыладамі не даюць пайсці доўгачаканаму дажджу, варта сказаць дзякуй за тое, што супрацьградавая ўстаноўка абараняе агароды, кветнікі, прысядзібныя надзелы, пабудовы гараджан і вяскоўцаў, - заявіў газеце намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Андрэй Навагран.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках