28 верасня 2024, Субота, 8:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі пачалася «эпідэмія» паломак шасі ў самалётаў

5
У Расеі пачалася «эпідэмія» паломак шасі ў самалётаў

Адразу некалькі расейскіх самалётаў у чэрвені атрымалі розныя пашкоджанні і паломкі шасі.

У ноч з 5 на 6 чэрвеня Boeing 777 авіякампаніі Red Wings прызямліўся ў маскоўскім аэрапорце «Жукоўскі». Пры правядзенні пасляпалётнага агляду, тэхнікі заўважылі ўзгаранне ў раёне тармазной прылады пятага кола левай стойкі шасі, піша тэлеграм-канал «Авиаторщина». Пажар ліквідавалі ручным вогнетушыцелем. Спецыялісты ліквідавалі паломку, і самалёт паспяхова выканаў наступны рэйс.

7 чэрвеня Boeing 737 авіякампаніі Smartavia выконваў рэгулярны рэйс маршрутам Масква - Улан-Удэ. Пасля прызямлення ў аэрапорце «Байкал», наземныя службы выявілі разбурэнне ўнутранага пнеўматыка правай асноўнай стойкі шасі. Спецыялісты агледзелі пасадачную паласу і знайшлі пяць кавалкаў гумы памерам блізу 30 см.

У той жа дзень у самалёта «Аэрафлоту» спусціла тры пнеўматыкі на стойках шасі ў аэрапорце Бішкека. Атрымаў дазвол на ўзлёт, пілоты пры разбегу ўбачылі паведамленне аб адкрыцці задняга багажна-грузавога адсека. Экіпаж перапыніў узлёт, тэхперсанал не знайшоў праблем з адсекам, але выявіў няспраўнасць шасі, акрамя таго, было зафіксавана перавышэнне дапушчальнай тэмпературы тармазных прылад, удакладняе «Авиаторщина».

10 чэрвеня ў Boeing 737 «Аэрафлоту» пры разбегу ў аэрапорце Дубая разбурыўся пнеўматык кола, а адляцелыя кавалкі гумы пашкодзілі левую кансоль крыла. Самалёт паспяхова вылецеў з ААЭ у Расею, кіраўніцтва дубайскага паветранага вузла знайшло на паласе фрагменты пашкоджаных элементаў, бо ўсе сістэмы працавалі штатна, камандзір паветранага судна пастанавіў прадоўжыць палёт. Самалёт паспяхова прызямліўся ў «Шарамеццеве», папярэдне здзейсніўшы палёт на малой вышыні над паласой для візуальнага агляду пашкоджанняў. Паветранае судна часова адхіленае ад палётаў, Расавіяцыя пачала расследаванне інцыдэнту.

Як піша Baza, 2 чэрвеня ў аэрапорце «Шарамеццева» ў дзявяці самалётаў Superjet 100 авіякампаніі «Расія» выявілі моцныя парэзы на колах шасі. Паветраныя судны прыбылі ў Маскву з Санкт-Пецярбурга, Ніжняга Ноўгарада і Архангельска. Тэхнікі ліквідавалі няспраўнасць, замяніўшы колы. «Авиаторщина» ўдакладняе, што авіякампанія «Расія» пачала ўнутранае расследаванне здарэння.

Раней прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што самалёты расейскіх авіякампаній «вельмі надзейныя» і атрымліваюць найлепшае абслугоўванне.

Заява прадстаўніка Крамля прагучала на фоне значнага росту колькасці авіяздарэнняў у Расеі. Інцыдэнтаў з самалётамі стала больш пасля таго, як ЗША і ЕЗ увялі санкцыі за вайну ва Украіне. Дарэчы, яны забаранілі пастаўляць новыя лайнеры ў Расею і абслугоўваць расейскія паветраныя судны.

Да вайны ва Украіне авіяпарк расейскіх кампаній налічваў 1031 самалёт. Амаль дзве траціны флоту складалі паветраныя судны вытворчасці Boeing і Airbus, якія расейскія авіякампаніі зараз рамантуюць самастойна.

У 2023 годзе было зафіксавана не менш за 74 розныя паломкі самалётаў у паветры, што на 38 больш, чым у 2022-м, падлічвала нямецкая даследчая кампанія Jacdec. На кожныя 100 тысяч вылетаў прыпадала амаль 10 авіяздарэнняў, тады як годам раней – толькі пяць, гаварылася ў аналізе, атрыманым на аснове звестак даследчай кампаніі Cirium. Да такіх здарэнняў эксперты аднеслі выпадкі ўзгарання ці іншых непаладак рухавікоў падчас палётаў, пашкоджанні шасі пры прызямленні, а таксама няспраўнасці закрылкаў, якія прыводзяць да адхілення ад курсу.

У 2024 годзе чарада авіяінцыдэнтаў працягнулася. Толькі за апошні месяц падчас палёту зламаліся шэсць самалётаў расейскіх авіякампаній. 30 траўня адразу два пасажырскія лайнеры Airbus авіякампаніі «Расія» здзейснілі аварыйную пасадку праз пашкоджанне покрыўкі на стойцы шасі і выцеку паліва.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках