«Украіна нанесла ўдар на апярэджанне»
- 12.06.2024, 11:17
- 16,432
Экспэрт раскрыў нюансы знішчэння найноўшага расейскага Су-57.
Аэрадром «Ахтубінск», ключавы аб'ект для Расеі, апынуўся недастаткова абаронены ад украінскіх беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА). Гэта пацвярджаецца знішчэннем Су-57. Пра гэта ў эфіры тэлеканала FREEДОМ заявіў намеснік дырэктара ўкраінскай кампаніі ў вытворчасці РЭБ, экспэрт у пытаннях авіяцыі Анатоль Храпчынскі, падкрэсліўшы, што Кіеў здзейсніў удар на апярэджанне.
«Удар па Су-57 быў ажыццёўлены на аэрадроме «Ахтубінск». Гэта даволі вялікая авіяцыйная база ў Расеі, якая займаецца мадэрнізацыяй і праверкай новага ўзбраення. Гэта значыць - аб'ект высокай важнасці, які быў недастаткова абаронены сродкамі супрацьпаветранай абароны, каб справіцца з украінскім БПЛА», - сказаў ён.
Экспэрт зазначыў, што Расея планавала актыўнае прымяненне такіх самалётаў з-за немагчымасці актыўнага выкарыстання стратэгічнай авіяцыі апошнім часам.
«Расея меркавала замяніць магчымасці стратэгічнай авіяцыі за кошт такіх самалётаў, як Су-57, каб выкарыстоўваць ракеты Х-69 з павялічанай далёкасцю дзеяння. Таму можам казаць, што быў стратэгічны ўдар на апярэджанне. Гэта значыць па самалёце, які Расея разлічвала ў далейшым эксплуатаваць у баявых дзеяннях», - падкрэсліў Храпчынскі.
На ягоную думку, гэта таксама было дадатковым ударам па іміджы ваенна-прамысловага комплексу (ВПК) Расеі.
«Гэты самалёт складана назваць самалётам пятага пакалення з прычыны тых абмежаванняў, з якімі сутыкнуліся расейскія інжынеры, калі яго стваралі. Пытанне і да авіёнікі, і да рухавікоў, якія яны не змаглі стварыць менш бачнымі для радыёлакацыйных сістэм… Ну, і чарговым разам – іміджавы ўдар па расейскім ВПК, таму што не толькі сучасныя С-400 гінуць, не толькі звышсучасныя гіпергукавыя ракеты перахапляюць, але і, як бачым, ужо пайшлі ў расход і самалёты», - рэзюмаваў Анатоль Храпчынскі.
Су-57 - самы сучасны знішчальнік Расеі, які здольны выкарыстоўваць для ўдараў ракеты Х-59 і Х-69.