У Расеі знайшлі фэйкавы патронавы завод
3- 12.06.2024, 17:18
- 16,290
Ён уклаў мільённыя кантракты ад імя Мінабароны.
Прынамсі, сем расейскіх кампаній пацярпелі ад дзеянняў акцыянернага таварыства «Растоўскі патронны завод», якое размяшчала заказы ад імя Мінабароны на сайце дзяржзакупаў. Ашуканскую схему арганізаваў раней судзімы бізнэсовец Аляксей Манакоў з Башкартастана, высветліў расследавацельскі праект «Сістэма».
АТ «Растоўскі патронны завод» было зарэгістраванае летам 2022 года. Тады ж фірма пачала размяшчаць тэндары на сайце дзяржзакупаў, выдаючы сябе за буйнога дзяржаўнага падрадчыка. Ёй патрабаваліся дарагія аўтамабілі, квадрацыклы, дроны, айфоны, макбукі і зброя. Сярод іншага ў спісе жаданага былі кітайскі пазадарожнік Haval H9, два аўтамабільныя дыягнастычныя сканары, мыйка высокага ціску, а таксама аўтаматы Калашнікава, пісталеты і снайперская вінтоўка. Да восені агульная сума тэндараў перавысіла 50 млн рублёў.
Насамрэч ніякага завода не існавала. На паказаным пры рэгістрацыі адрасе размяшчалася кватэра ў жылым доме ў Аксаі, а ўсе ўгоды ўкладаліся ў растоўскім аўтасалоне. Дакументы падпісваў генеральны дырэктар і, як высветлілася, адзіны супрацоўнік «РПЗ» Аляксей Манакоў.
Як расказаў адзін з пацярпелых пастаўшчыкоў, яго запэўнілі, што закуп ажыццяўляецца ў інтарэсах Мінабароны Расеі, і папярэдзілі аб магчымых затрымках з грашыма. У выніку ён атрымаў толькі невялікі аванс, а заказчык бясследна знік разам з аўтамабілямі.
Журналісты выявілі, што раней Манакова судзілі за нявыплату падаткаў, растрату і камерцыйны подкуп. Акрамя таго, паводле звестак сайта Федэральнай службы судовых прыставаў, на прадпрымальніка адкрытыя 20 выканаўчых спраў на суму больш за 700 тысяч рублёў.
Да «РПЗ» у Манакова было тры спробы запусціць бізнэс, аднак усе яго фірмы прагарэлі і былі закрытыя. На адной з іх ён і абкатаў схему, якую пачаў выкарыстоўваць пасля. Дапамагаў Манакову яшчэ адзін ураджэнец Башкартастана Дзяніс Башыраў, асуджаны паводле артыкула аб махлярстве, у дачыненні да якога адкрытыя некалькі выканаўчых спраў на 380 тысяч рублёў.
Незаконна атрыманыя аўтамабілі суўдзельнікі перапрадавалі. «Сістэме» ўдалося знайсці адзін з іх у жыхара Краснадарскага краю. Растлумачыць, у якім менавіта салоне і за якую суму быў набыты аўтамабіль, ён не змог, але запэўніў, што не ведае Манакова.
Колькі менавіта ўгодаў удалося пракруціць фэйкаваму заводу, невядома. Да канца 2023 года на «РПЗ» падалі ў суд сем кампаній. Усе яны патрабуюць аплаты за пастаўленыя аўтамабілі. Агульная сума пазоваў складае 16,2 млн рублёў.