На складзе лякарні ў Гарадзенскай вобласці знайшлі чатырохгадовыя запасы прадуктаў
7- 14.06.2024, 15:04
- 7,810

Тэрмін захоўвання некаторых з іх - два гады.
Падчас праверачных мерапрыемстваў спецыялісты Камітэта дзяржкантролю Гарадзенскай вобласці выявілі на складзе раённай лякарні ў астатках прадукты харчавання, колькасць якіх у асобных найменнях перавышала чатырохгадовую патрэбнасць установы. Пры гэтым тэрмін іх прыдатнасці складаў 2 гады.
У КДК адзначылі, што ўстановай на 2024 год запланаваны бюджэтныя асігнаванні на куплю гэтых прадуктаў харчавання без уліку астаткаў. Таксама ўкладзеная дамова на пастаўку тых найменняў прадуктаў, у якіх ёсць чатырохгадовы запас.
Пры аглядзе склада кантралёры выявілі прадукты харчавання са скончаным тэрмінам прыдатнасці, а таксама прадукты, тэрмін прыдатнасці якіх заканчваўся на наступны дзень і праз дзень пасля даты агляду.
«Па выніках кантрольных мерапрыемстваў у раённы бюджэт кампенсаваны кошт сапсаваных прадуктаў. Установе выдадзены рэкамендацыі для ажыццяўлення закупак за кошт бюджэтных сродкаў у межах патрэбнасці і з улікам наяўных астаткаў», - праінфармавалі ў КДК.