Фолк-фестываль «Свята Сонца» пройдзе ў «Дудутках»
5- 14.06.2024, 21:41
- 3,066
Як адзначаць Купалле.
Сёмы купальскі фольк-фестываль «Свята Сонца» ў 2024 годзе пройдзе на тэрыторыі музейнага комплексу «Дудуткі» 22 чэрвеня, паведамляе «Кропка».
У асноўнай праграме свята – фестываль агню і піратэхнікі і open-air з удзелам музычных folk-гуртоў.
Таксама на «Свяце Сонца» арганізуюць вялікі кірмаш майстроў-рамеснікаў, інтэрактыўныя лакацыі і спартовыя зоны, абрадавыя і забаўляльныя блокі.
Афіцыйнае адкрыццё фестывалю запланаванае на 22 чэрвеня на 11-ю.
Пасля асноўнай праграмы апоўначы ўдзельнікі і госці фестывалю факельным шэсцем пройдуць да берагу ракі Пціч. Там традыцыйна запалаюць купальскія вогнішчы, і ўсе ахвочыя змогуць скокнуць праз ачышчальны агонь. А па рацэ можна будзе пусціць вянкі.
Адно з самых відовішчных мерапрыемстваў «Свята Сонца» – фестываль агню і піратэхнікі. Ён пройдзе з 21:00 да 23:00.
Майстэрства прадэманструюць найлепшыя каманды Беларусі, якія выступаюць у жанры вогненнага шоу. Гэта агністы цырк Kresiva, «Атама», этнастудыя «Кетры», агністы тэатр Etere, фаер-шоу-клуб «Маоры», Insane і іншыя.
Мора агню і піратэхнікі, яркія строі і вобразы актораў, складаная тэхніка выканання і фантастычныя трукі цягам трох гадзінаў будуць захапляць гасцей фестывалю.
У «Дудутках» можна будзе наведаць горад майстроў: кузні, ганчарную, ювелірную і гарбарную майстэрні, манетны двор і інш.
А на кірмашы – набыць тое, што робяць майстры: каваныя, ганчарныя, ільняныя вырабы, традыцыйнае адзенне, сярэднявечныя ўпрыгожанні, посуд, сувеніры, вырабы з каменю, дрэва, саломы.
На этнапляцоўцы адновяць традыцыйныя абрады святкавання Купалля. Там можна будзе паваражыць, сплесці вянок, паўдзельнічаць у майстар-класе абрадавых танцаў.
У карчме гасцей будуць чакаць стравы традыцыйнай беларускай кухні, кулінарныя майстар-класы, фуд-корт.
На тэрыторыі будуць працаваць больш за 20 інтэрактыўных лакацый і атракцыёнаў: лучны і арбалетны цір, сярэднявечныя і народныя гульні, шатландская пляцоўка «Гульні горцаў», дзіцячая пляцоўка, аквагрым, выстава рэтрааўтамабіляў, кантактны заапарк, лакацыя паводле фільма «Вядзьмак» і іншыя.
Як дабрацца і дзе пераначаваць
З 21 да 23 чэрвеня на тэрыторыі комплексу будзе арганізаваны намётавы летнік для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю. Там можна будзе размясціцца ва ўласных намётах.
Летнік будзе абсталяваны ўсім неабходным для камфортнага знаходжання на фестывалі: біяпрыбіральнямі, кантэйнерамі для збору смецця, вадой.
У непасрэднай блізкасці ад лакацыі будзе працаваць фуд-корт.
Асабісты транспарт можна пакінуць на фестывальнай паркоўцы.
Для зручнасці гледачоў будуць арганізаваныя дадатковыя аўтобусныя рэйсы па маршруце Менск – «Дудуткі» – Менск.
Кошт квіткоў:
для дарослых – ад Br55 (промакошт)
для школьнікаў – ад Br25 (промакошт)
для дашкольнікаў – бясплатна.