У Славакіі змяніўся прэзідэнт
2- 15.06.2024, 15:35
- 9,160

Ім стаў Петэр Пелегрыні.
Петэр Пелегрыні, які перамог на прэзідэнцкіх выбарах у Славакіі, 15 чэрвеня афіцыйна прыняў прысягу і прыступіў да выканання абавязкаў.
Аб гэтым паведамляе выданне Aktuality.
Цырымонія, на якой Пелегрыні пачаў выконваць паўнамоцтвы прэзідэнта Славакіі, праходзіць у канцэртнай зале Рэдута Славацкага філарманічнага аркестра, дзе арганізуюць сімвалічнае пасяджэнне парламента.
На мерапрыемстве, куды запрасілі блізу 400 гасцей, ужо былы славацкі прэзідэнт Зузана Чапутава афіцыйна перадала паўнамоцтвы Пелегрыні.
У першай прамове ў статусе прэзідэнта Славакіі Пелегрыні ўзгадаў аб нядаўнім замаху на прэм'ер-міністра Робэрта Фіца і заклікаў да дасягнення міру і аб'яднання грамадства.
Афіцыйныя мерапрыемствы з нагоды інаўгурацыі новага славацкага прэзідэнта працягнуцца да вечара суботы, сярод іх - урачыстая імша і вайсковы парад у Браціславе.
Першае афіцыйнае з'яўленне Пелегрыні на міжнароднай арэне чакаецца ўжо 17 чэрвеня: ён будзе прадстаўляць Славакію на нефармальнай сустрэчы лідараў ЕЗ у Брусэлі. А першую замежную паездку - паводле традыцыі, у Чэхію, - Пелегрыні зробіць 26 чэрвеня.