«Я адчуваю сябе феяй, якая дорыць чароўныя эмоцыі»
3- 16.06.2024, 17:15
- 6,616

Як беларуска ператварыла дзіцячае хобі ў прыбытковы бізнэс.
31-гадовая жыхарка Баранавічаў Наталля Ярмак паводле спецыяльнасці тэхнік-тэхнолаг кандытарскай вытворчасці. Але дзіцячая любоў да лялек і шыцця ўбораў для іх усё ж сталася мацнейшай. Прычым лялькі ў Наталлі не простыя, а партрэтныя. Яна шые іх з фота людзей, піша bar24.by.
У ноч на Каляды
Дзіцячае захапленне «нагадала» пра сябе, калі Наталля была цяжарная. Кажа, выпадкова натыкнулася на відэаролік пра партрэтную ляльку з двума вочкамі-кропкамі ў інтэрнэце.
– Я адразу загарэлася жаданнем пашыць такую самую. Пачала глядзець майстар-класы, даведвацца пра матэрыялы, дзе іх можна набыць, – успамінае гараджанка. – Першая мая лялька з'явілася ў ноч на Каляды. Гэта так сімвалічна, што ў Каляды нарадзілася мая любімая справа.

І вось ужо шэсць гадоў Наталля займаецца лялечнай справай. За гэты час «нарадзілася» больш за 1000 партрэтных лялек, якія «жывуць» не толькі ў Беларусі, але і ў іншых кутках свету: Турцыі, Італіі, Гішпаніі, ЗША, Дубаі, Кубе, Перу.
Першы заказчык не заплаціў
Спачатку сваіх лялек Наталля шыла ўручную. Гэта ўплывала на час стварэння – на адну ляльку мог сысці тыдзень.
Родныя і сябры, паводле словаў майстрыхі, падтрымлівалі яе. А мама Наталлі, бачачы яе запал да гэтай справы, падаравала дзяўчыне на дзень нараджэння швейную машынку. З таго моманту справа стала рухацца хутчэй.
Лялькай, якая прывяла першага заказчыка, стала партрэтная лялька сястры Наталлі. Майстрыха выставіла фота сваёй працы ў Instagram і ўжо праз некалькі дзён атрымала першую замову. Праўда, грошай тая замова не прынесла, але затое стала, як адзначае гараджанка, добрым досведам.
– Заказчык абяцаў зрабіць аплату пасля адпраўкі лялькі. Гэта было 1000 расейскіх рублёў. Але не зрабіў… Так што першая лялька прадалася бясплатна, – з усмешкай расказвае Наталля.
Першыя свае працы, як успамінае гараджанка, яна прадавала практычна паводле сабекошту. Цяпер партрэтная лялька Наталлі каштуе больш за 200 рублёў – усё залежыць ад складанасці і кошту матэрыялаў. Да таго ж усе аксэсуары, капялюшыкі, торбачкі, адзенне, абутак для мініятурных копій гараджанка робіць самастойна.

«Аднойчы мая лялька будзе ў руках і ў Джоні Дэпа»
Якіх толькі лялек Наталлі не замаўляюць. Большасць заказаў – гэта лялькі для людзей пэўных прафесій: настаўнікаў, лекараў, вайскоўцаў, музыкаў, спартоўцаў, сцюардэсаў. Былі нават ксёндз з манашкай.

Адной з працаў, што найбольш усхвалявала, паводле словаў Наталлі, была замова на ляльку для спявачкі Ёлкі. Яе ўручылі спявачцы проста на канцэрце.
– Пазней мне даслалі відэа, як Ёлка гуляе з маёй лялькай, спявае ў яе мікрафон. Гэта былі такія ваў-эмоцыі! Што маю працу, зробленую маімі рукамі, трымае такая знакамітасць, – расказвае Наталля.
Была замова для Джоні Дэпа і ягоных рок-музыкаў. Чатыры лялькі з вялікай колькасцю дэталяў.
– Мы з сястрой і сяброўкамі старанна вывучалі ўсе дробязі. Бранзалеткі, завушніцы, уборы артыстаў, татуіроўкі, – успамінае Наталля. – Але, на жаль, да Джоні Дэпа заказ пакуль не дайшоў.

Рэч у тым, што арганізатары не дазволілі пранесці скрынку на канцэрт артыстаў у Польшчы, і ўручыць лялек заказчыца не здолела. Але дзяўчына паабяцала Наталлі, што патрапіць на наступны канцэрт, і артысты ўсё ж атрымаюць свае лялечныя копіі.
– Я спадзяюся, што аднойчы мая лялька будзе ў руках і ў Джоні Дэпа, – кажа гараджанка. – Я і ўсе мае падпісчыкі ў гэта верым.
Чароўны свет і чароўныя эмоцыі
Наталля адзначае, што са з'яўленнем лялек яе жыццё кардынальна змянілася. Па-першае, шыццё (асабліва спачатку) апускала яе ў «чарадзейны свет», дзе не было ніякіх праблемаў, а былі толькі добрыя думкі і спакой. Па-другое, прыемныя водгукі ад заказчыкаў і відэа з захопленымі людзьмі, якія атрымліваюць у падарунак лялек, натхняюць і падахвочваюць рухацца далей. Па-трэцяе, прызнаецца гараджанка, любімая справа дапамагла ёй раскрыцца.
– Я адчуваю сябе феяй, якая дорыць чароўныя эмоцыі, – дзеліцца Наталля. – Творчасць пазбаўляе ад усялякіх дэпрэсій. Таму ў каго дэпрэсія – ідзіце ў творчасць.