21 лiпеня 2024, Нядзеля, 15:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты расшыфравалі іншапланетныя сігналы з Марса

6
Эксперты расшыфравалі іншапланетныя сігналы з Марса

На Зямлю сігнал прыйшоў год таму.

Навукоўцы з Інстытута SETI (ЗША) даўно спрабуюць атрымаць сігнал ад патэнцыйнага пазаземнага розуму. Для таго каб падрыхтаваць зямлянаў да атрымання сапраўднага паведамлення ад патэнцыйных іншапланетнікаў летась быў створаны праект A Sign In Space. У рамках гэтага праекту было створана закадаванае паведамленне, якое імітавала іншапланетны сігнал, і яго адправілі сапраўды з іншай планеты, а менавіта з Марса. Навукоўцы прапанавалі звычайным людзям паспрабаваць расшыфраваць гэты сігнал і праз год гэта атрымалася, піша IFLScience (пераклад – «Фокус»).

Паведамленне, якое імітавала іншапланетны сігнал было адпраўленае на Зямлю з арбітальнага апарата Trace Gas Orbiter, які абарачаецца вакол Марса, 24 траўня 2023 года. Праз 16 хвілін гэты сігнал улавілі некалькі радыётэлескопаў на Зямлі. На заклік навукоўцаў паўдзельнічаць у расшыфроўцы атрыманага сігналу адгукнулася некалькі тысячаў чалавек з усяго свету. Аўтаркай паведамлення была Даніэла дэ Паўліс, якая супрацоўнічае з Інстытутам SETI, і менавіта ёй нядаўна даслалі расшыфроўку сігналу бацька і дачка, якія хацелі не называць свае сапраўдныя імёны.

Яны вывучылі зашыфраванае паведамленне, разглядаючы магчымасць таго, што яно злучана з вядомай вылічальнай мадэллю пад назовам клеткавы аўтамат. Папулярнай версіяй гэтай мадэлі з'яўляецца гульня «Жыццё», якую больш за 50 гадоў таму прыдумаў матэматык Джон Канвей.

У гэтай мадэлі пікселі можна ўважаць за «жывыя» ці «мёртвыя» і яны могуць развівацца паводле пэўных правілаў. Мадэль можа ствараць складаныя сцэнары, якія развіваюцца на аснове базавых правілаў, і яна выкарыстоўвалася для пераходу ад бессэнсоўнага паведамлення, поўнага адзінак і нулёў (гэта значыць, жывых ці мёртвых пікселяў), да выяўлення асэнсаванага паведамлення.

Для гэтага была выкарыстаная платформа для распрацоўкі гульняў Unity і паведамленне пераўтварылі 6625 разоў, каб ператварыць двайковы код у нешта зразумелае. Высветлілася, што ў іншапланетным сігнале зашыфраваная выява пяці амінакіслотаў. Гэтыя найважнейшыя для жыцця малекулы прадстаўленыя блокамі з рознай колькасці пікселяў. Адзін для вадароду, шэсць для вугляроду, сем для азоту і восем для кіслароду.

Але насамрэч на гэтым эксперымент не скончыўся. Дэ Паўліс цяпер прапануе выказаць сваё меркаванне адносна таго, чаму паведамленне мае такі сэнс і чаму выяўленыя менавіта 5 амінакіслотаў?

Дарэчы, цягам года навукоўцы атрымалі больш за 54 тысячы варыянтаў расшыфроўкі сігналу з Марса.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках