Даследаванне: Людзі сталі менш чытаць навіны
16- 17.06.2024, 18:47
- 4,158
![Даследаванне: Людзі сталі менш чытаць навіны](https://i.c97.org/ai/599328/aux-head-1718638743-20240101_nalog_360.jpg)
Аўдыторыя тэлевізіі і друкаваных выданняў значна скарацілася за апошняе дзесяцігоддзе.
Усё больш людзей пазбягаюць чытання навін, называючы іх, сярод іншага, дэпрэсіўнымі, жорсткімі або сумнымі, піша ВВС са спасылкай на вынікі апытання 94,943 дарослых з 47 краін, праведзенага Інстытутам Рэйтэр Оксфардскага ўніверсітэта.
Амаль чацвёра з 10 апытаных чалавек (39%) у розных краінах заявілі, што часам ці часта актыўна пазбягаюць навін, у параўнанні з 29% у 2017 годзе.
Пазбяганне навін зараз на рэкордна высокім узроўні, каментуюць аўтары даследавання. З іх слоў, такой статыстыцы могуць спрыяць агрэсія Расеі супраць Украіны, а таксама вайна на Блізкім Усходзе.
Пры гэтым зазначаецца, што калі ў краінах набліжаюцца палітычныя выбары, людзі пачынаюць чытаць навіны часцей.
Тым не менш, паводле даследавання, агульная тэндэнцыя застаецца ўстойліва на зніжэнне. 46% апытаных заявілі, што з вялікай цікавасцю чытаюць навіны - у параўнанні з 63% у 2017 годзе.
У Вялікабрытаніі, напрыклад, у перыяд з 2015 года цікавасць да навін знізілася амаль удвая.
У дакладзе гаворыцца, што аўдыторыя традыцыйных крыніц навін, такіх як тэлевізія і друкаваныя выданні, рэзка скарацілася за апошняе дзесяцігоддзе, пры гэтым усё больш людзей аддаюць перавагу атрыманню навін онлайн, праз сацыяльныя сеткі.