Столтэнберг: Больш за 20 удзельнікаў NATO дасягнулі выдаткаў на абарону 2% ВУП
2- 17.06.2024, 20:15
- 1,808
Еўрапейскія дзяржавы нарошчваюць абаронныя выдаткі да рэкордных узроўняў.
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў, што рэкордная колькасць дзяржаваў – чальцоў Альянсу на цяперашні стан выконвае мэтавы паказнік выдаткаў на абарону два адсоткі ВУП.
Пра гэта ён сказаў падчас выступу ў аналітычным цэнтры Wilson Center у Вашынгтоне 17 чэрвеня, піша «Еўрапейская праўда».
Гаворачы пра абароназдольнасць NATO, Столтэнберг канстатаваў, што «еўрапейскія дзяржавы нарошчваюць абаронныя выдаткі да рэкордных узроўняў».
Ён нагадаў, што ў 2014 годзе толькі тры чальцы Альянсу – ЗША, Грэцыя і Вялікая Брытанія – выканалі ўстаноўлены тады мэтавы паказнік 2% ВУП.
«Сёння я магу абвясціць, што сёлета больш за 20 дзяржаў-чальцоў выдаткуюць не менш за 2% ВУП на абарону. Гэта добра для Еўропы і добра для Амерыкі», – заявіў генеральны сакратар, не ўдакладніўшы, пра якія менавіта дзяржавы ідзе гаворка.
Столтэнберг дадаў, што абаронныя выдаткі NATO стануць адной з тэмаў ягонай размовы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, з якім ён сустрэнецца пазней у панядзелак.