26 чэрвеня 2024, Серада, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Два еўрапейскія банкі ў Расеі спынілі аперацыі з валютай

3
Два еўрапейскія банкі ў Расеі спынілі аперацыі з валютай

Праз санкцыі ЗША супраць Маскоўскай біржы.

Расейскія «дочкі» двух еўрапейскіх банкаў прыпынілі аперацыі з валютай праз санкцыі ЗША супраць Маскоўскай біржы, у выніку якіх расейская эканоміка засталася без біржавага гандлю далярам і еўрам.

Як паведамляе Frank RG, пра спыненне валютных аперацый абвясціў банк «Інтэза» – даччыная структура італьянскай групы Intesa San Paolo. Банк, які ўваходзіць у топ-50 у РФ памерам актываў, з 13 чэрвеня прыпыніў канвертаванне еўра, а таксама пераводы ў гэтай валюце.

У банку – адным з апошніх заходніх банкаў на расейскім рынку – прапанавалі кліентам забраць валюту з рахункаў.

Абмен безнаяўнай валюты спыніў таксама «ОТП Банк» – «дачка» аднайменнай вугорскай банкаўскай групы. У банку, які займае 28-е месца памерам актываў і трымае на рахунках 37,4 млрд рублёў укладаў фізічных асобаў, кліенты могуць абмяняць валюту толькі гатоўкай у аддзяленнях.

Пастанова была прынятая «ў сувязі з санкцыйнымі абмежаваннямі на біржавую інфраструктуру», паведамілі Frank RG ў прэс-службе банка, дадаўшы, што безнаяўная канвертацыя стане даступная толькі пасля «развязання шэрагу тэхнічных пытанняў, звязаных з спыненнем гандлю далярамі і еўрамі на Масбіржы».

Безнаяўнае канвертаванне даляра і еўра з 14 чэрвеня таксама спыніў належны «Раснафце» БРР Банк. 13 чэрвеня – у першы дзень без валютнага гандлю на біржы – аперацыі з валютай таксама абмяжоўвалі «Крэдыт Еўропа банк» («дачка» турэцкага Credit Europe bank), банк «Салідарнасць», банк «Цэнтракрэдыт», Сургутнафтагазбанк.

Мінфін ЗША у сераду, 12 чэрвеня, абвясціў пра радыкальнае пашырэнне фінансавых санкцый супраць Расеі, уключыўшы ў чорныя спісы Масбіржу, Нацыянальны клірынгавы цэнтр (НКЦ) і Нацыянальны разліковы дэпазітарый. З 13 чэрвеня біржа спыніла гандаль далярам ЗША, еўрам і ганконгскім далярам, а ЦБ пачаў усталёўваць афіцыйныя курсы валютаў паводле звестак пазабіржавога рынку.

Акрамя санкцый супраць біржы, ЗША ўнеслі ў SDN-list даччыныя структуры найбуйнейшых расейскіх дзяржбанкаў у Індыі і Кітаі: пад санкцыі патрапілі прадстаўніцтвы «Ашчада», ЗЭБа, абароннага Прамсувязьбанка і ЗГБ.

Акрамя таго, у рамках новага санкцыйнага пакету амерыканскі Мінфін істотна пашырыў паняцце «ВПК Расеі», за ўгоды з якім банкам па ўсім свеце пагражаюць другасныя захады ажно да адключэння ад даляравых плацяжоў. З гэтага часу пад вызначэнне абароннага комплексу РФ падпадаюць усе падсанкцыйныя расейскія кампаніі (іх больш за 4,5 тысячы), у тым ліку тыя, што не маюць непасрэднага дачынення да вытворчасці ваеннай прадукцыі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках