26 чэрвеня 2024, Серада, 20:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі лютуе эпідэмія батулізму

8
У Расеі лютуе эпідэмія батулізму

Больш за ўсё атручванняў у Маскве.

У Расеі працягваюць выяўляць новыя выпадкі заражэння батулізмам. Колькасць пацярпелых дасягнула 195 чалавек, піша тэлеграм-канал «112». Амаль усе яны заказвалі гатовыя салаты «Лобіё» ад «Лакалкітчэн» (брэнд «Кухня на раёне») і салаты з тунцом і фасоляй ад «Гастрапорта». Продаж гэтых страў зараз прыпынены.

Больш за ўсё атручванняў у Маскве. На гэты момант у сталічныя ляукарні з сімптомамі батулізму звярнуўся 161 чалавек. Шэсць выпадкаў заражэння зафіксаваныя ў Маскоўскай вобласці, а менавіта ў Балашысе, Адзінцове, Хімках, Мыцішчах і Рэутаве; яшчэ па 14 - у Ніжнім Ноўгарадзе і Казані.

Больш за палову пацярпелых шпіталізаваныя ў цяжкім стане. Некалькіх давялося падлучыць да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ).

Напярэдадні днём маскоўскія ўлады паведамлялі, што ў цяжкім стане знаходзяцца 55 пацыентаў. Паводле інфармацыі Mash, 33 з іх зараз у рэанімацыі, яшчэ 13 давялося падключыць да ШВЛ. У Ніжнім Ноўгарадзе аналагічны апарат спатрэбіўся 12 пацярпелым, у Казані - аднаму.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб наданні паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі (артыкул 238 КК). У кампаніях прайшлі ператрусы. Працу «Кухні на раёне» спынілі на патрабаванне Расспажыўнагляду. Паводле следства, на прадпрыемстве не было дакументаў аб тэрмінах прыдатнасці прадукцыі, а таксама звестак аб якасці вады і стэрыльнасці працоўных паверхняў, ніхто не кантраляваў умовы, у якіх захоўваюцца прадукты, і тэхналогію вытворчасці.

У аўторак стала вядома аб затрыманні гендырэктара і кіраўніка аддзела якасці «Кухні на раёне», а таксама фактычнага кіраўніка камерцыйнай арганізацыі па вытворчасці прадукцыі. Імёны ўсіх трох СК не назваў. Mash піша, што затрыманага гендырэктара клічуць Антон Лазін.

Акрамя гэтага была распачатая яшчэ адна крымінальная справа - аб арганізацыі незаконнай міграцыі (пункт «б» часткі 2 артыкула 322.1 КК) - у сувязі з тым, што кіраўніцтва арганізацый незаконна зарэгістравала па месцы знаходжання некалькіх грамадзян Узбекістана.

Паводле звестак «СПАРК-Інтэрфакс», 84,7% долі ў асноўнай юрыдычнай асобе «Кухні на раёне» – ТАА «Лакалкітчэн» – кантралюе ТАА «О2О Холдынг». Першапачаткова гэта структура «Сбера» і VK, але цяпер бенефіцыяры не раскрываюцца.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках