У Менску падатковая паставіла камеру ў атэлье, каб кантраляваць плынь кліентаў
43- 18.06.2024, 22:10
- 28,668

Але ўладальніца прыдумала мудрагелісты ход.
Падатковая спрабавала вывесці на чыстую ваду ўладальніцу швейнай майстэрні і ўстанавіла камеру ў атэлье. Але камера паказвала адсутнасць кліентаў. Выявілася, што гаспадыня атэлье прыдумала хітры спосаб падмануць інспектараў, але ён ёй не дапамог. Аб гэтым выпадку расказалі ва Управе аператыўных мерапрыемстваў інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў Менска.
Летась падатковая высветліла, што ўладальнікі швейнай майстэрні бралі ад кліентаў гатоўку і не плацілі з яе падаткі - іх выкрылі ва ўтойванні амаль 130 тысяч рублёў прыбытку.
Сёлета пры праверцы дзейнасці майстэрні высветлілася, што сярэднямесячны даход складае блізу 600 рублёў. У падатковай заяўленым лічбам не паверылі і 17 чэрвеня ўсталявалі ў атэлье камеру відэаназірання.
Уладальніца майстэрні не разгубілася, напісала аб'яву «Майстэрня не працуе» і прыляпіла яе на ўваходных дзвярах.
«Кліенты, бачачы аб'яву, тэлефануюць ёй, і яна выносіць заказ на вуліцу, дзе перадае яго кліенту і там жа прымае гатоўку», – абурыліся ў падатковай.
Як менавіта пакаралі прадпрымальную жанчыну, у ведамстве не паведамілі.