28 верасня 2024, Субота, 1:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Politico: Ультраправыя ў Францыі спрабуюць аддаліцца ад Расеі

3
Politico: Ультраправыя ў Францыі спрабуюць аддаліцца ад Расеі

Праграма палітыкаў змянілася.

Ультраправая партыя Францыі «Нацыянальнае аб'яднанне» змякчыла некаторыя са сваіх найбольш супярэчлівых прапаноў перад датэрміновымі парламенцкімі выбарамі. Палітсіла часткова аддалілася ад Расеі, а таксама пераасэнсавала абаронную праграму.

На гэта звярнулі ўвагу журналісты Politico (пераклад - «Обозреватель»). Нагадаем, што датэрміновыя выбары Парыж абвясціў 30 чэрвеня (першы тур) і 7 ліпеня (другі тур).

Справа ў тым, што вельмі правая партыя выдаліла са свайго сайта частку прапаноў у абароннай палітыцы - у тым ліку раздзелы, у якіх прапаноўвалася паглыбіць дыпламатычныя стасункі з Расеяй, спыніць праекты супрацоўніцтва з Нямеччынай і выйсці з інтэграванага вайсковага камандавання NATO.

«Нацыянальнае аб'яднанне», мяркуючы з усяго, мае намер дабіцца значных поспехаў у парламенце, адзначылі ў Politico.

Прапановы, якія цяпер «зніклі», узніклі падчас прэзідэнцкай кампаніі Марын Ле Пэн (лідаркі «Нацыянальнага аб'яднання») у 2022 годзе. Яе партыя выпусціла 17 тэматычных буклетаў, у якіх выкладалася яе праграма. Толькі 16 буклетаў застаюцца ў адкрытым доступе. Той, што прысвечаны абароне, быў выдалены прыкладна ў сярэдзіне чэрвеня.

У сваім маніфесце «Нацыянальнае аб'яднанне» выступала за дыстанцыяванне ад Вашынгтона, спрабуючы ўзаемадзейнічаць з Масквой. Маўляў, Вашынгтон «не заўсёды паводзіць сябе як хаўруснік Францыі». Замест гэтага Ле Пэн у праграме 2022 года прапаноўвала шукаць «альянс з Расеяй у пэўных пытаннях», такіх як еўрапейская бяспека або барацьба з тэрарызмам.

У выдаленым дакуменце таксама гаварылася, што Францыі трэба «неадкладна» выйсці з адзінага вайсковага камандавання NATO.

Таксама прапаноўвалася «паставіць кропку» на праектах супрацоўніцтва з ФРГ у вайсковай сферы, улічваючы «глыбокія і непрымірымыя дактрынальныя, аператыўныя і прамысловыя разыходжанні з Берлінам». Партыя прапанавала спыніць у тым ліку супольную распрацоўку баявых танкаў і знішчальнікаў наступнага пакалення.

У апошнія месяцы «Нацыянальнае аб'яднанне» дэманстравала не такую радыкальную пазіцыю.

Да прыкладу, у сакавіку дэпутаты палітсілы ўстрымаліся на галасаванні ў пытанні вайсковай дапамогі Украіне, тады як дэпутаты ад левай партыі «Непакорная Францыя» аддалі галасы «супраць».

У тым жа месяцы ўзыходзячая зорка і прэзідэнт «Нацыянальнага аб'яднання» Джордан Бардэла заявіў СМІ, што Францыі варта дачакацца заканчэння вайны ва Украіне, перш чым пакінуць аб'яднанае камандаванне Паўночнаатлантычнага альянсу. Бардэла стане прэм'ер-міністрам, калі «Нацыянальнае аб'яднанне» пераможа на парламенцкіх выбарах.

У сваёй праграме на еўрапейскіх выбарах 2024 года партыя не паўтарыла радыкальныя прапановы. Замест гэтага палітыкі казалі, што «Расея [парушала] міжнароднае права і правакавала перагляд міжнароднага парадку».

Прадстаўнік «Нацыянальнага аб'яднання» ў каментары Politico заявіў, што Бардэла ў найбліжэйшыя дні выкажа сваю праграму, у тым ліку па абароне.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках