ISW: Кіеў знайшоў альтэрнатыву ракетам ATACMS
- 19.06.2024, 8:48
- 23,240
УСУ правялі ўжо дзве аперацыі на тэрыторыі РФ з выкарыстаннем гэтай зброі.
Бо Белы дом пакуль не дае дабро, каб Кіеў выкарыстаў супраць тэрыторыі РФ дальнабойныя ракеты тыпу ATACMS, Украіна пачала актыўна наносіць удары мадэрнізаванымі ракетамі «Нептун».
Аналітыкі з Інстытута вывучэння вайны (ISW) надумалі прааналізаваць сітуацыю вакол нядаўніх удараў Кіева па тэрыторыі РФ з дапамогай «Нептуна».
Яшчэ 31 траўня ў Генштабе Украіны заявілі аб тым, што ўдар па НПЗ каля порта Каўказ у Краснадарскім краі быў нанесены ракетай "Нептун".
Экс-намеснік начштаба ВМС Украіны Андрэй Рыжэнка падкрэсліў, што Кіеў упершыню выкарыстаў ракеты "Нептун" супраць наземнай мэты.
Учора быў нанесены ўдар па НПЗ у раёне пасёлка Чушка таксама з дапамогай «Нептуна». Абедзве цэлі знаходзяцца прыкладна за 250 км ад лініі фронту. Пры гэтым радыус дзеяння ATACMS складае 300 км.
Упершыню Кіеў ужыў супраць марской мэты ракеты "Нептун" у красавіку 2022 года. Пасля гэтага пачаўся працэс іх мадэрнізацыі, каб можна было наносіць удары і па наземных цэлях.
Гэты працэс заняў два гады, але вынік ужо ў наяўнасці. Аналітыкі з ISW усё ж мяркуюць, што Вашынгтон павінен даць дабро Кіеву на выкарыстанне ATACMS супраць законных вайсковых цэляў на тэрыторыі РФ.