«Упершыню за ўсю вайну было крыху шкада расейцаў»
6- 19.06.2024, 9:54
- 15,360
Сведчанне ўкраінскага афіцэра, які вярнуўся з Ваўчанска.
Ветэран расейска-ўкраінскай вайны, экс-камандзір роты батальёна "Айдар" Яўген Дзікі ў інтэрв'ю для YouTube-канала "Зараз" спрагназаваў лакальнае контрнаступленне Украіны на Харкаўшчыне.
«Гэта цалкам чакана, праўда, з досыць сціплай мэтай - адкінуць расейцаў за «парэбрык». На жаль, на гэтым пакуль усё. Але нават не таму, што сілаў на большае ў нас не стае, а таму што пераходзіць расейскую мяжу вялікімі часткамі супольнікі нам пакуль не дазволілі. Але гэта толькі пакуль», - заявіў вайсковы экспэрт.
Акрамя таго, Дзікі падзяліўся з гледачамі цікавай інфармацыяй датычна стану расейскага войска ў Ваўчанску, спаслаўшыся на словы баявога афіцэра, які прыбыў у тыл пасля месяца баёў на Харкаўшчыне.
«Сам факт, што ён вярнуўся, мне ўжо шмат чаго сказаў. Гэта камандзір аднаго з падраздзяленняў, якімі затыкаюць дзіркі, калі недзе вельмі гарыць. Але там ужо ўсё дагарэла і ідзе звычайная вайна. Дык вось, ён сказаў нечакана прыемныя для мяне рэчы», - заінтрыгаваў ветэран.
Высвятляецца, камандзір паведаміў калегам, што ўпершыню за ўсю вайну яму было крыху шкада расейцаў, бо яны там усе «зялёныя», якія прыбылі прама з вучэбнай справы. Для многіх з іх першая бітва была апошняй.
Пры гэтым баявы афіцэр параўнаў сённяшні расейскі кантынгент на Харкаўшчыне з той сілай, якая ішла ў 2022 годзе. Калі два гады таму гэта былі добра навучаныя людзі, якім далі няправільныя выведвальныя звесткі, то гэтым жа якія звесткі ні давай, нічога не дапаможа, бо яны ўпершыню ў жыцці ўзялі ў рукі калаш (аўтамат Калашнікава - рэд.).
«І гэта таксама да пытання аб тым, ці такія бясконцыя ў Расеі рэзервы. Мы ж бачым, як дэградуе іхняе войска. Хутчэй за ўсё, на Харкаўшчыне ішлі свежыя 300 тысяч, набор якіх у сакавіку абвясціў Шайгу. Так, фізічна набраць «мяса» яны яшчэ здольныя, але якасць ужо зусім не тая. І тэхнікі было ў дзесяць разоў менш, чым у 2022 годзе», - сказаў Дзікі.