28 верасня 2024, Субота, 4:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Голас Амерыкі»: Ізраіль жорстка адказаў Лукашэнку

«Голас Амерыкі»: Ізраіль жорстка адказаў Лукашэнку

Беларускі дыктатар стаў «сябрам групы нэанацыстаў».

Лукашэнка падчас нарады са сваім урадам у чарговы раз дапусціў антысеміцкае выказванне.

Гаворка ішла аб тым, што інспектар Віцебскай вобласці, экс-міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыла аказаўся замешаны ў карупцыйным скандале, і згадаўшы аб гэтым факце Лукашэнка адзначыў, што фігурантамі гэтай справы з'яўляюцца яшчэ 30 чалавек. Літаральна ён сказаў наступнае: «Вы мяне прабачце, я не антысеміт, але больш за палову юдэяў. Гэта што ў нас асаблівае, прывілеяванае становішча займаюць, што яны крадуць і не думаюць пра сваю будучыню...Усе аднолькавыя перад законам. І юдэі, і беларусы, і ўкраінцы, расейцы і палякі».

Эксперты, якіх карэспандэнтка «Голасу Амерыкі» папрасіла пракаментаваць эпізод падчас нарады Лукашэнкі са сваім урадам, прывялі і іншыя прыклады яго юдафобскіх выслоўяў.

Намеснік старшыні Камітэта ў еўрапейскіх справах Сейма Літоўскай Рэспублікі Эмануэліс Зінгерыс (Emanuelis Zingeris) пачаў з таго, што беларускаму народу ніколі не была ўласцівая ксенафобія, у тым ліку - антысемітызм. «Хоць немцы і мясцовыя калабаранты ўчынілі разню (у гады Другой сусветнай вайны) амаль дзевяноста адсоткаў юдэяў, якіх называлі літвакамі. А ў ковенскім і віленскім гета людзі казалі: «Дабярэшся да беларускіх лясоў - можа быць, застанешся ў жывых».

А зараз Лукашэнка надумаў павярнуць гісторыю назад і давесці ўсяму свету, што Беларусь з'яўляецца краінай расістаў і бандытаў пры ўладзе. І ўсё тое, што сам беларускі народ - тысячы інтэлігентаў і проста добрых людзей - выказаў у стаўленні да знішчэння паловы жыхароў маленькіх мястэчкаў, з якімі яны жылі ў добрасуседстве апошнія 700 гадоў, Лукашэнка надумаў разбурыць адным ударам. І тым самым далучыцца да нямецкіх крайніх правых і стаць сябрам групы нэанацыстаў», - эмацыйна выказаўся літоўскі парламентарый у гутарцы з карэспандэнтам.

Паводле ацэнкі Эмануэліса Зінгерыса, сваімі антысеміцкімі тырадамі Лукашэнка працягнуў знішчэнне культур розных народаў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Гэта выяўляецца ў закрыцці нацыянальных школ - беларускіх, польскіх і літоўскіх. «Ён шырока расчыняе браму краіны для пуцінскага «расейскага свету», упусціў расейскае войска і прыняў тактычную ядзерную зброю для магчымага ўдару па Кіеве. А цяпер гэты нявыбраны «прэзідэнт» узяўся за апошнюю этнічную меншасць у Беларусі, каб зрабіць юдэяў «ахвярнымі казламі», спісаўшы на іх усе грахі і адрадзіўшы бацылу антысемітызму», - мяркуе намеснік старшыні Камітэта ў еўрапейскіх справах Сейма Літвы.

Галоўны рэдактар «Ежедневного журнала» Аляксандр Рыклін мяркуе, што рэакцыя на антысеміцкае выказванне Лукашэнкі была ў Ізраілі вельмі жорсткай. Ён прывёў цытату з заявы міністра замежных спраў Ізраіля Ісраэля Каца, які назваў словы Лукашэнкі аб габрэях непрымальнымі, абуральнымі і антысеміцкімі, дадаўшы ад сябе: «І з гэтым немагчыма спрачацца».

У каментары зазначыў, што нічога дзіўнага ў такіх рэпліках беларускага дыктатара няма: «Лукашэнка не першы раз дазваляе сабе антысеміцкія выказванні. Такое было і сем гадоў таму, і раней. У нейкі момант ён заклікаў кіраўніка Менскай вобласці «кантраляваць сваіх юдэяў». І нешта падобнае ён казаў не аднойчы. Вядома - гэта самы сапраўдны антысемітызм».

Са слоў галоўнага рэдактара «Ежедневного журнала», у ізраільскі МЗС выкліканы амбасадар Беларусі Яўген Вараб'ёў для ўручэння яму ноты пратэсту. «Але насамрэч у Ізраілі мала каму цікава, што там кажа ці не кажа Лукашэнка. Хаця, канешне, мы тут адсочваем такога кшталту эпізоды, але цяпер іх такі вал, што “лыжка Лукашэнкі” мала што дадае ў “гэты боршч”. Ну, сказаў і сказаў», - паціскае плячыма Аляксандр Рыклін.

Суразмоўца выдання таксама паказвае, што Лукашэнка з'яўляецца самым дакладным на сёння хаўруснікам Пуціна. «Хоць Беларусь у вайну не ўступіла, але мы ж разумеем, што Расея выкарыстоўвае гэтую краіну як плацдарм для вайсковых дзеянняў супраць Украіны, і гэта мае відавочны фон. А антысеміцкія выказванні проста паказваюць сутнасць гэтага чалавека, але я не думаю, што такая «місія» была ўскладзеная на Лукашэнку Пуціным. Мне цяжка сабе ўявіць, каб у тэлефоннай размове Пуцін сказаў бы яму: «Ты там пры выпадку па габрэях прайдзіся, а то яны зусім берагі паблыталі». Паўтару: Лукашэнка даўно не саромеецца прадэманстраваць адсутнасць у яго прыхільнасці да правіл добрага тону. Ён чалавек без тармазоў і заўсёды нясе несусветную лухту. Ён, напэўна, уважае сябе за добрага аратара, і сапраўды, ён можа прамаўляць доўгія тырады на ўзроўні старшыні не вельмі прасунутага калгаса. І мы ў чарговы раз мелі магчымасць пераканацца ў тым, што ён, вядома, антысеміт», - рэзюмуе Аляксандр Рыклін.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках