УСУ на парадак перасягаюць войска РФ у дронах
1- 20.06.2024, 16:37
- 5,700
Z-ваенкары б'юць трывогу.
Сілы абароны Украіны значна перасягаюць войска акупантаў у колькасці выкарыстоўваных беспілотнікаў-камікадзэ. На гэта скардзяцца ў сваіх Telegram-каналах Z-блогеры, звярнуў увагу unian.net.
«Суадносіны БПЛА на фронце зараз прыкладна 1 да 6. Не на нашу карысць. Гэта прыкладна. Магчыма больш, але дакладна не менш. І тэндэнцыя толькі да павелічэння разрыву», - піша буйны «ваенблогер».
З яго слоў, прычынай росту дыспарытэту з'яўляецца непаваротлівасць і марудлівасць расейскай бюракратычнай машыны. У той жа час Украіна, з яго слоў, дэманструе вельмі гнуткі падыход, калі вялікая колькасць «прыватных гаражных майстэрняў» атрымліваюць фінансаванне, што і дае адпаведны вынік - колькасць пераходзіць у якасць.
«У нас жа процьма перспектыўных праектаў затарможаная альбо праз бюракратыю, альбо праз адсутнасць фінансавання. З гэтым трэба нешта рабіць. Прычым вельмі хутка. Інакш безнадзейна адстанем», - піша Z-блогер.
Для ілюстрацыі ўзроўню «праблемы» ён прыводзіць словы свайго знаёмага, які адправіўся паміраць ва ўкраінскі Ваўчанск. Са слоў акупанта, за адзін светлавы дзень толькі па адной яго пазіцыі прыляцела 245 FPV-дронаў Сіл абароны.