28 верасня 2024, Субота, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай пабудуе чыгунку ў абыход Беларусі

31
Кітай пабудуе чыгунку ў абыход Беларусі

Кыргызстан і Узбекістан дамовіліся з Пекінам.

Дзве былыя савецкія рэспублікі ў Цэнтральнай Азіі - Кыргызстан і Узбекістан - дамовіліся з Кітаем аб будаўніцтве чыгункі ў Еўропу, якая пойдзе ў абыход Расеі і Беларусі, піша The Moscow Times.

Пагадненне паводле праекта, які Пекін, Бішкек і Ташкент абмяркоўвалі цягам 27 гадоў, бакі падпісалі 6 чэрвеня ў Пекіне, а будаўніцтва павінна пачацца ў кастрычніку. Чыгуначная магістраль працягласцю 450-500 км стане часткай глабальнай ініцыятывы Кітая «Адзін пояс - адзін шлях».

«Эксперты адзначаюць, што гадавы аб'ём грузаперавозак дасягне 15 млн тон, а тэрмін дастаўкі тавараў канчатковым спажыўцам скароціцца на 7 дзён. Акрамя таго, будзе створаная сучасная транзітна-лагістычная інфраструктура, склады і тэрміналы», - заявіў прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў.

Дарога будзе праходзіць ад Кашгара ў Сіньцзян-Уйгурскай аўтаномнай акрузе Кітая праз Таругарт, Макмал і Джалал-Абад у Кыргызстане да Андыжана ва Узбекістане. Далей магістраль злучыцца з дарогамі іншых краінаў Цэнтральнай Азіі, адкуль грузы пойдуць у Каспійскае мора, у Турцыю і да Еўропы.

У парламенце Кыргызстана, па тэрыторыі якога пройдзе асноўная частка маршруту, 19 чэрвеня ратыфікавалі пагадненне з Кітаем і Узбекістанам аб будаўніцтве дарогі. Для пракладкі кыргызскага адцінку магістралі паміж краінамі будзе створаная супольная праектная кампанія (СПК). Кітаю ў ёй будзе належаць 51%, а Кыргызстану і Узбекістану дастанецца па 24,5%.

Пры гэтым Кыргызстан укладзе асобнае інвестыцыйнае пагадненне з СПК, якая пабудуе дарогу і будзе яе эксплуатаваць, пакуль не верне ўкладанні. Аб тым, цягам якога часу СПК будзе выкарыстоўваць чыгунку Кітай - Кыргызстан - Узбекістан, афіцыйна не паведамляецца. Непасрэдна будаўніцтвам зоймецца China Railway International. Кошт праекта ацэньваецца прыкладна на $8 млрд.

«Варта адзначыць, што чыгунка злучае Кітай і краіны Цэнтральнай Азіі, а таксама адкрывае шлях новым транспартным маршрутам у Еўропу і краіны Персідскай затокі. Гэта, несумненна, станоўча паўплывае на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі», — падкрэсліў прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў. Ён ацаніў патэнцыйны прыбытак рэспублікі ад працы чыгункі на $200 млн за год.

Дагэтуль грузы з Кітая ў Еўропу ішлі па чыгунцы праз Казахстан, Расею і Беларусь. Аднак з пачатку вайны ва Украіне некаторыя кампаніі перасталі выкарыстоўваць расейскую тэрыторыю для транзіту, адзначаў вашынгтонскі аналітычны цэнтр Jamestown Foundation.

«Для Кітая важны іншы шлях выхаду на Захад і Усход, акрамя Расеі. Маршрут праз Расею больш небяспечны. Дарога ў Еўропу можа быць раптоўна закрытая, як і раней. Таму для Кітая вельмі важна асвойваць новы шлях», - кажа эксперт па Цэнтральнай Азіі Давід Канкарыні.

Расея «не ў захапленні» ад гэтага праекта, але яна не можа адкрыта выступіць супраць яго, адзначае дырэктар аналітычнага цэнтра Central Asia Due Diligence ў Лондане Алішэр Ільхамаў. «У адваротным выпадку яна пойдзе на канфлікт з Кітаем. Цяпер жа Кітай з'яўляецца хаўруснікам, які абараняе Расею. Таму ў Маскве няма асаблівага энтузіязму», – сказаў на заканчэнне Ільхамаў.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках