Беларускі экспарт калію рэзка ўпаў у кошце
3- 22.06.2024, 12:12
- 4,026
Адчайны дэмпінг ставіць пад пытанне перспектыўнасць усёй галіны
Беларускі экспарт калію ў Кітай за пяць месяцаў моцна ўпаў у кошце. Але, здаецца, вырас у аб'ёмах. Падобна, каб утрымацца на ключавым для сябе рынку, беларускія ўлады адчайна дэмпінгуюць. Таму што знешнія абставіны беларускаму экспарту калію не спрыяюць, піша Фелікс Мірскі ў артыкуле для «Беларусы і рынак».
За студзень – травень Беларусь экспартавала ў Кітай калійных угнаенняў на 393 млн даляраў. У грошах экспарт за пяць месяцаў упаў у параўнанні з мінулым годам на 50%. Яно і нядзіўна, беручы да ўвагі, што ў студзені летась сярэдні сусветны кошт за тону ўгнаенняў складаў больш за 500 даляраў, а да студзеня гэтага года ён абваліўся да 300.
Хоць, уласна, у траўні пастаўкі былі амаль у два разы вышэйшыя за красавіцкія і прынеслі больш за 100 млн даляраў. Але адбылося гэта не таму, што кошты выраслі, а праз павелічэнне аб'ёмаў экспарту ў тонах. У траўні Мінэканомікі прызнавала, што Беларуськалій павялічыў выпуск угнаенняў.
А вось кошт продажаў наўрад ці цешыў. Пры сярэднім сусветным кошце калію 307 даляраў за тону, для Кітая сярэдні кошт сёлета складаў блізу 240 даляраў. Як найбуйнейшы сусветны імпарцёр калійных угнаенняў Кітай заўсёды набывае іх з добрай зніжкай.
Але Беларусь прадавала свае ўгнаенні яшчэ танней. Нават летась сярэдні кошт экспарту адной тоны беларускага калію ў Кітай складаў менш за 200 даляраў. А ў параўнанні з леташнім траўнем сярэдні сусветны кошт адной тоны калію ўпаў амаль на 70 даляраў.
Прычым далей, верагодна, будзе горш. Міжнароднае агенцтва Fitch Ratings прагназуе сёлета сярэдні кошт калійных угнаенняў 300 даляраў за тону з тэндэнцыяй паступовага зніжэння да канца года. Агенцтва чакае, што на наступны год кошт тоны калію можа ўпасці да 230 даляраў.
Але Беларусі выбіраць не выпадае. Таму што на кітайскім рынку беларускія ўгнаенні адціскаюць канкурэнты. За пяць месяцаў кошт паставак у Кітай расейскіх угнаенняў вырас на 22%, а канадскіх – на 13%. Таму, каб утрымацца на кітайскім рынку, даводзіцца ісці на самы адчайны дэмпінг.
Таму што кітайскі рынак – гэта, можна сказаць, амаль усё тое нямногае, што засталося ў беларускага калію. Прынамсі, летась з 9,5–10 млн тон калійнага экспарту на Кітай прыпала, верагодна, блізу 7 млн. 1,5 млн тонаў Беларусь выправіла па чыгунцы, а астатняе – морам праз расейскія парты.
Складаная і дарагая лагістыка – яшчэ адзін выклік для беларускага экспарту калію. На гэтым тыдні стала вядома, што расейская кампанія «Балтыйскі суднамеханічны завод» спыніла перавалку беларускіх калійных угнаенняў. За мінулы год гэтая кампанія пераваліла 2 млн тонаў беларускага калію.
Прычынай спынення стала тое, што Менск не пагадзіўся на выстаўлены яму кошт. Кампанія абяцае, што ў «агляднай будучыні» пастаўкі адновяцца. Хоць будучыня здаецца не такой ужо агляднай. Каб тэрмінал не прастойваў, кампанія запусціла перавалку вугалю. Паводле ацэнак БСМЗ, выдаткі кампаніі на пераабсталяванне тэрмінала пад вугаль могуць скласці блізу 100 млн рублёў. Так што, мяркуючы з усяго, у аднаўленні перавалкі беларускага калію ў кампаніі не так ужо ўпэўненыя.
У любым выпадку Беларусі давядзецца або згаджацца з новым коштам, або шукаць новыя лагістычныя ідэі. А гэта не так проста зрабіць, беручы да ўвагі, што на БХМЗ летась прыйшлося блізу 20% усяго беларускага экспарту калію. Калі, вядома, беларускія ўлады не знойдуць неэканамічныя вагары ціску на расейскую кампанію.
Складаная лагістыка і сусветныя кошты падрываюць той адносны дабрабыт, які яшчэ заставаўся ў беларускага калійнага экспарту. Таму што бясконцы дэмпінг пры росце коштаў перавозак можа паставіць пад пытанне мэтазгоднасць экспарту калію ўвогуле.