28 верасня 2024, Субота, 14:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі наспявае павышэнне пенсійнага ўзросту

70
У Беларусі наспявае павышэнне пенсійнага ўзросту

Жанчынам падрыхтавацца.

Улады Беларусі шукаюць магчымасці, каб стымуляваць пенсіянераў надалей заставацца на працоўным месцы нават пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Гэта, напэўна, звязана з агульнай крызіснай сітуацыяй з кадрамі ў Беларусі. Але развязаць яе наўрад ці магчыма. Таму ўжо хутка ўлады могуць пайсці на тое, каб павялічыць узрост выхаду на пенсію, паведамляе «Белсат».

У Беларусі плануецца ўвесці дадатковыя матэрыяльныя стымулы для працоўных пенсіянераў. Навацыя звязаная з індывідуальным каэфіцыентам заробку (ІКЗ), бо працоўным пенсіянерам з ІКЗ больш за 1,3 пенсія не выплачваецца, гэта значыць, яны не атрымліваюць частку заробленых сродкаў. Цяпер жа прапануецца дазволіць ім працаваць «на больш прывабных умовах» – з каэфіцыентам 1,45. Старшыня Федэрацыі прафзвязаў Беларусі (ФПБ) Юрый Сянько ўпэўнены, што гэта будзе важным элементам для людзей, гатовых працаваць «у тых кірунках, у якіх мы сёння бачым неабходным захаваць працоўных пенсіянераў».

У каментары «Белсату» старшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтра BEROC Настасся Лузгіна выказала меркаванне, што прапанаванае новаўвядзенне наўпрост звязанае з дэфіцытам кадраў, што назіраецца цяпер у Беларусі. Пры гэтым, заявіла яна, грошай на гэта ва ўладаў не стае.

«Трэба ж разумець, што ў бюджэце цяпер лішніх грошай няма. Наадварот, бюджэт адчувае нястачу сродкаў. Тым больш Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва дэфіцытны, даводзіцца яго дафінансоўваць. І, натуральна, вылучэнне дадатковых рэсурсаў з бюджэту ў выпадку, калі б не было гэтага вострага дэфіцыту, наўрад ці было б прапанаванае», – адзначыла эканамістка.

Пры гэтым Лузгіна не чакае, што гэты захад дапаможа развязаць кадравую праблему. Так, прызнала яна, павелічэнне каэфіцыента часткова прастымулюе пенсіянераў, але наўрад ці моцна паўплывае на іх пастанову працаваць на пенсіі.

«Тыя, хто хацеў працаваць, ён і працаваў, і працуе», – падкрэсліла эканамістка.

Тым больш што і сумы, якія яны атрымаюць, не так і моцна вырастуць, што звязана з агульнай спецыфікай таго, як у Беларусі налічваюцца пенсіі.

«Гэта адзін з такіх касметычных, папулісцкіх захадаў. Паказаць, як мы думаем пра пенсіянераў, якія хочуць працаваць. Так, гэта можа на некага падзейнічаць. Але істотна не зменіць сітуацыю, бо і самі выплаты для кожнага не вырастуць значна. Адпаведна кагосьці гэта можа падштурхнуць папрацаваць яшчэ, але не думаю, што гэта будзе значным у маштабах краіны», – заявіла Лузгіна.

Жанчынам падрыхтавацца

У гэтай сітуацыі, калі ў краіне існуе кадравы крызіс і пры гэтым не стае сродкаў у бюджэце, улады краіны гіпатэтычна могуць пайсці на чарговае павышэнне пенсійнага ўзросту.

«Эканамічна гэта напрошваецца, але звычайна гэта ўсё ж такі палітычная пастанова. І не папулярная», – адзначыла эканамістка.

На яе думку, найперш улады могуць пайсці на тое, каб павысіць пенсійны ўзрост для жанчынаў. Цяпер яны выходзяць на пенсію ў 58 гадоў, у той час як мужчыны – у 63. Калі ж павышаць пенсійны ўзрост для мужчынаў, то з улікам іх сярэдняй даўжыні жыцця «яны на пенсію ўвогуле не будуць выходзіць, бо не дажываюць, груба кажучы, да пенсіі». У жанчынаў жа і даўжыця жыцця сярэдняя большая, і выходзяць яны на пенсію на пяць гадоў раней.

«Але я думаю, што да гэтага пытання, калі і вернуцца, то вернуцца, хутчэй за ўсё, ужо пасля выбараў 2025 года», – сказала Лузгіна.

На стан 21 чэрвеня ў Рэспубліканскай базе вакансій іх налічвалася 159538. Гэта на 5528 вакансій больш, чым было ўсяго 20 дзён таму – 1 чэрвеня. На канец снежня 2023 года ў базе налічвалася 137488 вакансій. Гэта значыць, за шэсць месяцаў іх колькасць павялічылася на 22050.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках