Ва Украіне сфармавалі перамоўную дэлегацыю для ўступлення ў ЕЗ
- 22.06.2024, 16:37
- 3,838

Хто туды ўвайшоў?
Віцэ-прэм'ер-міністарка ў пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Украіны Вольга Стэфанішына стане кіраўніцай дэлегацыі на ўступных перамовах у Еўрапейскі Звяз. Указ №365/2024 падпісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сёння, 22 чэрвеня, адзначае «Уніян».
У дэлегацыю будуць уваходзіць 34 перамоўнікі, сярод якіх кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак, намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Ігар Жоўква, першы намеснік старшыні Вярхоўнай Рады Аляксандр Карніенка, міністр навакольнага асяроддзя і абароны прыродных рэсурсаў Руслан Стралец і намесніца міністра энэргетыкі Святлана Грынчук.
Згодна з указам, кіраўнік дэлегацыі можа мяняць склад дэлегацыі Украіны і размяркоўваць абавязкі паміж яе чальцамі.
Нагадаем, 21 чэрвеня стала вядома, што Рада ЕЗ ц эканамічных і фінансавых пытаннях ухваліла перамоўныя рамкі для Украіны і Малдовы. Гэта азначае, што краіны могуць афіцыйна распачаць падрыхтоўку міжурадавых канферэнцый, якія запланаваныя 25 чэрвеня і стануць афіцыйным пачаткам перамоў аб уступленні кандыдатаў у Еўрапейскі Звяз.