Менскія медыкі назвалі топ-3 захворванняў, якія часцей за ўсё пераносяць кляшчы ў гэтым сезоне
1- 22.06.2024, 17:14
- 5,080
У гэтым сезоне кляшчоў у 1,6 раза больш, чым у мінулым.
Менскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі падзяліўся вынікамі лабараторных даследаванняў кляшчоў з пачатку 2024 года, паведамляе прэс-служба ведамства.
Часцей за ўсё выяўлялі узбуджальнікаў хваробы Лайма (18,7%), анаплазмозу (5,3%) і эрліхіёзу (1,9%).
Але ёсць і добрая навіна: у Менску за гэты сезон не было выяўлена віруса клешчавога энцэфаліту.
На пачатковым этапе хваробы Лайма чалавек адчувае прыкметы агульнай інтаксікацыі: узнікаюць ліхаманка, дрыжыкі, галаўныя болі і ламота ў целе. Радзей назіраюцца пяршэнне ў горле, сухі кашаль і катар. Магчымыя інтэнсіўныя цягліцавыя болі і скаванасць мускулатуры шыі. Анаплазмоз можа выклікаць болі ў суставах, ліхаманку, кульгавасць і адсутнасць апетыту, а эрліхіёз - ліхаманку, дрыжыкі, галаўны боль і слабасць.
Адзначым, што ў гэтым сезоне кляшчоў у 1,6 раза больш, чым летась. Медыкі тлумачылі, што павелічэнню колькасці кляшчоў садзейнічалі ранняя вясна і высокія тэмпературы. Праз гэта ў паўднёвых раёнах краіны першыя кляшчы з'явіліся ўжо ў лютым.
Пры выяўленні кляшча варта звярнуцца ў найбліжэйшую арганізацыю аховы здароўя, дзе нададуць медыцынскую дапамогу.