У РФ знялі з пасады топ-начальніка ФСБ
2- 22.06.2024, 17:20
- 7,700
У 5-й службе ФСБ адбыліся кадравыя чысткі.
У РФ нечакана змянілі начальніка 5-й службы Федэральнай службы бяспекі, якая адказвала за збор інфармацыі аб Украіне.
Як паведамляюць расейскія праекты "Важные новости" і "ВЧК-ОГПУ" са спасылкай на крыніцы, пасаду Сяргея Бяседы заняў Аляксей Камкоў. Да гэтага ён працаваў намеснікам кіраўніка службы контрвыведкі. Са слоў крыніц, Бяседа стаў дарадцам дырэктара ФСБ Аляксандра Бортнікава.
Фармальна Бяседу звольнілі з-за дасягнення ім 70-годдзя - лімітавага тэрміна службы.
- Аднак гэтая кадравая пастанова тлумачыцца не толькі фармальнымі прычынамі: усярэдзіне ФСБ ідзе жорсткая барацьба паміж рознымі ўладнымі групоўкамі за адразу некалькі вызваленых сёлета высокапастаўленых пасад, уключаючы крэсла самога Бортнікава, - адзначаюць расейскія СМІ.
Адным з кандыдатаў на ягонае месца называюць Сяргея Каралёва, першага намесніка дырэктара ФСБ. Аляксей Камкоў, прызначаны кіраўніком пятай службы, разглядаецца як пратэжэ Каралёва.
Што вядома пра 5 службу ФСБ
Пятая служба ФСБ - падраздзяленне, якое спецыялізуецца на зборы інфармацыі ўнутры Расеі і ў краінах былога Савецкага Саюза. Перад уварваннем ва Украіну кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін шмат у чым спадзяваўся на звесткі, дадзеныя менавіта гэтым падраздзяленнем ФСБ. Зрэшты, справаздачы не адпавядалі рэчаіснасці.