У Беларусі зноў уводзяць абмежаванні на наведванне лясоў
1- 22.06.2024, 20:22
- 3,968

За лічаныя гадзіны "пажоўкла" амаль палова краіны.
Па ўсёй Беларусі прайшлі моцныя дажджы - забароны на наведванне лясоў знялі. Яшчэ раніцай 22 чэрвеня ўся інтэрактыўная карта Мінлясгаса была зялёная, а ў сярэдзіне дня яна грунтоўна пажаўцела. Забарон пакуль няма.
Абмежаванні на наведванне лясоў дзейнічаюць амаль на палове тэрыторыі краіны. У Гомельскай вобласці ва ўсіх раёнах можна наведваць лес толькі пешшу. На Міншчыне засталося зусім няшмат месцаў, дзе не дзейнічаюць абмежаванні: Стоўбцы, Нясвіж і Клецак.
А ў астатніх рэгіёнах, наадварот, толькі лічаныя раёны, дзе грыбы-ягады трэба збіраць з асцярожнасцю. У Берасцейскай вобласці гэта Пружаны, Драгічын, Пінск і Янава. На Гарадзеншчыне толькі ў абласным цэнтры і яго акрузе ўведзены трэці клас пажарнай небяспекі.
У Віцебскай вобласці ў пяці раёнах таксама трэба выконваць пэўныя правілы пры наведванні лесу: у Верхнядзвінскім, Пастаўскім, Лепельскім, Чашніцкім і Сенненскім.
Пры увядзенні абмежаванняў бесперашкодна хадзіць у лес у грыбы ці ягады можна толькі пешшу. Уязджаць у такую зону на аўтамабілі забаронена. Разводзіць вогнішчы - тым больш.
Калі дзейнічае забарона, то ўваход у лес закрыты для ўсіх. Праўда, як удакладняюць у Мінлясгасе, працаўнікі лясных гаспадарак, выявіўшы парушальніка, у большасці выпадкаў толькі праводзяць з ім прафілактычную гутарку.
Але калі чалавек распальвае вогнішча ці кідае недакурак, тады яму прызначаць штраф. Сума спагнання за парушэнне, ад якога лес не пацярпеў, можа скласці 12 базавых адзінак.
Калі ў лесе адбыўся пажар, то штраф павялічыцца да 30 базавых адзінак.