Палкоўнік УСУ назваў «трыяду» для перамогі над РФ у небе
- 23.06.2024, 10:08
- 6,538

Частка зброі можа быць атрыманая з Польшчы.
Каб дасягнуць перавагі над авіяцыяй Расеі, Украіне неабходная «трыяда» сродкаў. Гэта самалёты-знішчальнікі, самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і эфектыўныя сродкі СПА.
Такое меркаванне ў эксклюзіўным інтэрв'ю OBOZ.UA выказаў лётчык-інструктар, палкоўнік УСУ ў запасе, вайсковы эксперт Раман Світан. Пры гэтым знішчальнікі F-16 з'яўляюцца абавязковай складовай часткай гэтай «трыяды», падкрэсліў ён.
Як растлумачыў Світан, неабходныя «самалёты-знішчальнікі, перахопнікі, бамбавікі і штурмавікі». Пры гэтым толькі адзін самалёт з'яўляецца шматфункцыянальнай машынай, якая злучае ў сабе ўсе чатыры функцыі, і гэта F-16.
«Чаму нам патрэбны менавіта F-16? Таму што яны акурат убудоўваюцца ў гэтую сістэму. Іншыя самалёты цалкам у яе не ўбудуюцца - тыя ж Gripen ці Mirage. Яны могуць выконваць нейкія свае задачы, але ўсе чатыры задачы можа выконваць толькі F-16, бо гэта шматфункцыянальная платформа, якая якраз для гэтага і прызначаная», - сказаў эксперт.
Другі складнік - самалёты-лятаючыя радары, самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення. «Нам перадалі два такія самалёты швэды. Ёсць магчымасць атрымання такіх жа самалётаў ад Польшчы», - распавёў эксперт.
І, нарэшце, трэці складнік - эфектыўная супрацьпаветраная абарона. «Гэта зенітна-ракетныя комплексы тыпу Patriot або SAMP/T».
«Такая трыяда перавагі ў паветры дасць магчымасць выконваць не толькі паветраныя, але і наземныя аперацыі», - падкрэсліў эксперт.