Кошт зямлі вырас у Менску
6- 23.06.2024, 18:33
- 3,594

Паднімуць і падатак.
Кадастравы кошт зямлі павысілі ў Менску. Гарадскія ўлады зацвердзілі вынікі новай адзнакі тэрыторый у зоне жылой шматкватэрнай забудовы.
Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Так, кошт зямлі вырас у розных раёнах па-рознаму. Месцамі павышэнне нязначнае – блізу 1,5%, але ёсць лакацыі, дзе прырост дасягнуў 5,5% і 11,5%.
Калі пераводзіць у валюту, то сярэдні кадастравы кошт зямлі ў Менску складае ад $200 да $300 за м2. А самая дарагая зямля ацэньваецца ў $417.
Вырасце падатак на зямлю
Паколькі падатак на зямлю ў Беларусі прывязаны да кадастравага кошту, то гэта азначае павышэнне памераў гэтага збору як для звычайных грамадзян, так і для юрыдычных асоб.
Адзначым, што для фізічных асоб зямельны падатак налічваюць па кожным участку. Пры гэтым стаўкі такога збору дыферэнцыраваны ў залежнасці ад тыпу функцыянальнага выкарыстання тэрыторыі.
Як вызначаюць кадастравы кошт?
Кадастравы кошт вызначаецца на аснове некалькіх фактараў: месцазнаходжанне ўчастка, яго памер, прызначэнне, а таксама інфраструктура. Ацэнку праводзяць спецыялізаваныя органы.
Пры гэтым кадастравы кошт часта адрозніваецца ад рынкавага. Першы ўстанаўліваецца зыходзячы з крытэрыяў і фіксуецца на пэўны перыяд. У той час як другі фармуецца на аснове попыту і прапановы на рынку.
Летась у сярэднім па краіне кадастравы кошт зямельных участкаў вырас на 7,5%.