Беларусы расказалі, якія тавары вязуць дадому з Польшчы і Літвы
16- 24.06.2024, 22:47
- 22,422

Ад шын да ноўтбукаў.
Беларусы найчасцей вязуць дадому тавары з Польшчы і Літвы. Пра гэта сведчаць вынікі красавіцкага выбарачнага абследавання, якое праводзіў Белстат у чатырох аўтадарожных пунктах пропуску на граніцы Беларусі з краінамі Еўразвязу.
Сацыёлагі раздалі на выездах з Беларусі 2,3 тысячы анкет. З іх 1727 бланкаў былі запоўненыя (709 - замежнікамі, 1018 - беларусамі).
Паводле звестак абследавання, найчасцей беларусы ўвозілі тавары з Польшчы (54,8% ад агульнага кошту тавараў, увезеных у Беларусь падчас правядзення абследавання) і Літвы (28%).
Асноўныя тыпы тавараў, якія завозілі:
кампутарная тэхніка і сродкі сувязі (увезена прыблізна на 360 даляраў ЗША на аднаго чалавека);
сантэхніка (269 даляраў);
электрычная бытавая тэхніка (234 даляры);
мэбля, матрацы, асвятляльныя прыборы (200 даляраў), электраінструмент, бензапілы (183 даляры);
шыны і колы (182 даляры);
тэлевізары (170 даляраў);
парфумерныя і касметычныя сродкі (136 даляраў);
аўтазапчасткі (135 даляраў);
адзенне (73 даляры);
цацкі, гульні, спартыўны інвентар (70 даляраў);
абутак (61 даляр).
А вось вывозілі тавары з Беларусі часцей за ўсё ў Літву (48,6% ад агульнага кошту вывезеных тавараў) і Латвію (42,2%).
Асноўныя тыпы тавараў, якія вывозяцца:
мэбля, матрацы, асвятляльныя прыборы (вывезена агулам на 212 даляраў на аднаго чалавека, які ўказаў факт вывазу і кошт гэтага тыпу тавару);
кампутарная тэхніка і сродкі сувязі (159 даляраў);
электраінструмент, бензапілы (122 даляры);
электрычная бытавая тэхніка (78 даляраў);
будаўнічыя матэрыялы (75 даляраў);
бензін і дызельнае паліва (45 даляраў);
адзенне (43 даляры);
абутак (42 даляры);
прадукты харчавання (38 даляраў).