28 верасня 2024, Субота, 23:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША рыхтуюцца да нападу РФ на свае спадарожнікі

4
ЗША рыхтуюцца да нападу РФ на свае спадарожнікі

Расейскі «Космас-2576» наблізіўся да амерыканскіх спадарожнікаў.

Расея абвастрае сітуацыю ў космасе, і пасля некалькіх гадоў выпрабаванняў вывела на арбіту спадарожнік, які можа ўяўляць пагрозу амерыканскім апаратам. Касмічнае камандаванне ЗША рыхтуецца да магчымага нападу, заявіў яго кіраўнік генерал Стывен Уайтынг, піша The Moscow Times.

Запушчаны 16 траўня спадарожнік «Космас-2576» быў выведзены на нізкую калязямную арбіту і прыведзены ў працоўны стан, сказаў Уайтынг 24 чэрвеня падчас выступу ў Інстытуце аэракасмічных даследаванняў Мітчэла (яго цытуе SpaceNews). «І калі паглядзець на тое, дзе размясціўся спадарожнік», - у адной плоскасці з амерыканскім спадарожнікам, які гарантуе нацыянальную бяспеку, - «гэта не здаецца выпадковым», адзначыў камандуючы.

Такое размяшчэнне дазваляе расейскаму апарату назіраць за амерыканскім спадарожнікам, адсочваць яго і - патэнцыйна - умешвацца ў яго працу, тлумачыць SpaceNews.

«Космас-2576», паводле ацэнкі Пентагона, «з'яўляецца супрацькасмічнай зброяй, як мяркуецца, здольнай атакаваць іншыя спадарожнікі на нізкай калязямной арбіце», заявіў праз некалькі дзён пасля яго запуску прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША Пэт Райдэр. Тады ж пра гэта казаў намеснік прадстаўніка ЗША ў ААН у спецпытаннях Роберт Вуд падчас абмеркавання ў Радзе бяспекі расейскай рэзалюцыі аб забароне на размяшчэнне ў касмічнай прасторы розных узбраенняў. Сталы прадстаўнік Расеі Васіль Небензя ў адказ заявіў, што «нават не зразумеў, пра што ён [Вуд] кажа».

«Космас-2576» быў запушчаны ў ноч на 17 траўня з касмадрома Плясецк разам з іншымі, цывільнымі, апаратамі, якія размеркаваліся па іншых арбітах. «Такі змяшаны вайскова-цывільны груз стаў поўнай нечаканасцю. Ніколі такога раней у Расеі не бачыў», – казаў Reuters аналітык Барт Хендрыкс, які даўно вывучае расейскую касмічную праграму. «Космас-2576» быў выведзены на ідэнтычную з амерыканскім выведвальным спадарожнікам USA-314 арбіту, адзначала агенцтва са спасылкай на публічныя звесткі Касмічнага камандавання ЗША аб размяшчэнні спадарожнікаў.

«Расея тэставала такую супрацькасмічную зброю ў 2017, 2019 і 2022 гадах, «і зараз, відавочна, яны вывелі яе на арбіту ў працоўным стане», сказаў Уайтынг. ЗША сур'ёзна ставяцца да такой актыўнасці і адпрацоўваюць дзеянні ў адказ на патэнцыйныя атакі на свае касмічныя апараты», - дадаў ён.

Рост напружанасці ў космасе адбываецца на фоне сцвярджэнняў ЗША аб распрацоўцы Расеяй касмічнай ядзернай зброі. Больш за тое, 5 лютага 2022 г. яна запусціла апарат «Космас-2553», прызначаны для выпрабавання кампанентаў для патэнцыйнай супрацьспадарожнікавай зброі, якая будзе забяспечаная ядзерным зарадам, распавялі ў траўні The Wall Street Journal амерыканскія чыноўнікі.

У канцы красавіка Масква наклала вета на рэзалюцыю ААН, якая б пацвердзіла забарону на размяшчэнне ядзернай зброі ў космасе. У дакуменце змяшчаецца заклік да краін выконваць Дамову аб космасе 1967 г., паводле якой усе бакі пагадзіліся «не размяшчаць на арбіце вакол Зямлі аб'екты, якія нясуць ядзерную зброю або розныя іншыя тыпы зброі масавага знішчэння».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках