У ЕЗ зацвердзілі праект пагаднення ў бяспецы з Украінай
1- 25.06.2024, 19:54
- 1,382
Пагадненне можа быць падпісанае на палях пасяджэння Еўрапейскай рады.
Рада ЕЗ 25 чэрвеня ўхваліла праект пагаднення ў бяспецы з Украінай. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Люксембургу паведаміла кіраўніца МЗС Бельгіі Аджа Лябіб, якая старшынствуе ў ЕЗ.
Відэазапіс апублікаваны на сайце Рады ЕЗ.
Паводле словаў Лябіб, на пасяджэнні Рады ЕЗ у агульных пытаннях рыхтаваліся да наступнага саміту лідараў краінаў – чальцоў Еўразвязу, які адбудзецца ў Брусэлі 27–28 чэрвеня.
«Гэтая сустрэча дасць поўную карціну нашай падтрымкі Украіны ва ўсіх формах. Таксама хачу адзначыць, што сёння раніцай Рада ЕЗ зацвердзіла праект супольных абавязальніцтваў у бяспецы паміж ЕЗ і Украінай», – падкрэсліла Лябіб.
Пагадненне аб бяспецы паміж Украінай і Еўразвязам можа быць падпісанае на палях пасяджэння Еўрапейскай рады, адзначаў кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жазэп Барэль.