28 верасня 2024, Субота, 23:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна перамагла ў справе супраць РФ у ЕСПЧ аб парушэннях правоў чалавека ў Крыме

2
Украіна перамагла ў справе супраць РФ у ЕСПЧ аб парушэннях правоў чалавека ў Крыме

Падрабязнасці.

Еўрапейскі суд правоў чалавека (ЕСПЧ) прызнаў расейскія ўлады вінаватымі ў парушэнні правоў чалавека ў Крыме, пасля анэксіі паўвострава ў 2014 годзе, гаворыцца ў пастанове суда.

Суд задаволіў пазоў Украіны. Згодна з пастановай, Расея парушыла шэраг артыкулаў «Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека», сярод якіх: права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, права на свабоду рэлігіі, свабоду выказвання меркаванняў, свабоду сходаў, права на павагу прыватнага жыцця і права на справядлівы суд.

Згодна з пастановай ЕСПЧ, Расея павінна вызваліць зняволеных, якія знаходзіліся ў турмах Крым на момант анэксіі, а пасля былі пераведзеныя ў іншыя калоніі, такіх больш за 12 тыс. чалавек. Суд узяў да ўвагі рэпрэсіі, якія расейскія ўлады правялі на паўвостраве, а менавіта пераслед крытыкаў анэксіі, парушэнні правоў і свабодаў украінцаў і крымскіх татараў.

У пастанове суда адзначаецца, што з 2014 да 2018 года незаконна было затрымана не менш як 43 чалавекі. Затрыманых катавалі, утрымлівалі ў нечалавечых умовах і марылі голадам. Восем чалавек цяпер уважаюцца за зніклых без вестак. Большасць затрыманых былі апазіцыйнымі журналістамі, праўкраінскімі актывістамі ці прадстаўнікамі этнічных меншасцяў. У якасці доказаў суду былі прыведзеныя даклады міжнародных і грамадскіх арганізацый, а таксама паказанні сведкаў.

Упаўнаважаны Вярхоўнай рады Украіны ў правах чалавека Дзмітрый Лубінец назваў пастанову суда «гістарычнай пастановай».

«ЕСПЧ абвясціў пастанову паводле міждзяржаўнай справы “Украіна супраць Расеі” датычна Крыма! Гэта гістарычная пастанова! Вынік станоўчы для нашай дзяржавы: пазоў задаволены поўнасцю! Аднагалосна!» – напісаў ён у сваім тэлеграм-канале. Ён дадаў, што гэта пастанова паводле першага з трох пазоваў, якія суд разглядае ў дачыненні да Расеі.

Расея ў 1998 годзе падпісала Еўрапейскую канвенцыю правоў чалавека, за выкананнем якой сочыць Страсбургскі суд. Аднак пасля пастановы прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пачаць вайну ва Украіне, Рада Еўропы – клуб краінаў-падпісантак – прыпыніла ўдзел Расеі ў арганізацыі. Пасля гэтага Расея заявіла пра выхад з РЕ.

15 сакавіка 2022 года камітэт міністраў РЕ ўхваліў рэзалюцыю пра выключэнне краіны. У чэрвені Дзярждума прыняла законапраект аб невыкананні пастановаў ЕСПЧ, вынесеных пасля 15 сакавіка. 16 верасня Расея выйшла з Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека. З гэтага часу Масква не абавязаная выконваць пастановы Страсбургскага суда, хоць урад па-ранейшаму павінен адказваць за парушэнні, учыненыя ў перыяд падпісання Канвенцыі.

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін улетку 2022 года падпісаў закон аб невыкананні пастановаў ЕСПЧ, прынятых пасля 15 сакавіка 2022 года.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках