Прэзідэнт Кеніі адхіліў законапраект, які выклікаў масавыя пратэсты
4- 26.06.2024, 18:58
- 1,770
Пратэстоўцы дамагліся скасавання павышэння падаткаў.
Прэзідэнт Кеніі Уільям Руто адмовіўся падпісваць закон аб бюджэце, праз які ў краіне пачаліся пратэсты. Заяву кіраўніка дзяржавы апублікавала газета Nation.
«Паразважаўшы над абмеркаваннем зместу законапраекта, я адмоўлюся ўхваляць яго», – заявіў Руто.
Паводле словаў прэзідэнта, незадаволенасць грамадзянаў законапраектам стала прычынай масавых пратэстаў, якія прывялі «да гібелі людзей, знішчэння маёмасці і апаганьвання канстытуцыйных інстытутаў».
Руто прапанаваў ужыць дадатковыя захады жорсткай эканоміі. Сярод іншага, скарачэнне выдаткаў закране прэзідэнцкую канцылярыю – фінансаванне ўрэжуць на аператыўныя выдаткі, паездкі, рамонт і набыццё транспарту для адміністрацыі прэзідэнта.
Акрамя таго, Руто заклікаў правесці міжсектаральную нараду пра законапраект з усімі зацікаўленымі бакамі. Перамовы мусяць адбыцца цягам наступных двух тыдняў.
Законапраект аб бюджэце з папраўкамі прэзідэнта адправілі ў парламент, паведамляе кенійская газета Star. Дэпутаты разгледзяць абноўлены дакумент пасля вакацыяў 23 ліпеня.
Пратэсты ў Кеніі пачаліся на фоне прапановы Офіса прэзідэнта ўнесці папраўкі ў закон аб бюджэце і павысіць шэраг падаткаў. У адміністрацыі Руто заявілі, што павышэнне неабходнае для напаўнення дзяржаўнай казны і скарачэння залежнасці ад знешніх запазычанняў.
Улады краіны прапанавалі ўвесці 16% ПДВ на хлеб, транспартаванне цукру, мабільныя і фінансавыя паслугі. Законапраект прадугледжваў акцыз на алей і падатак 2,5 адсотка на аўтатранспарт.
На фоне разгляду дакумента ў Кеніі распачаліся мітынгі. 25 чэрвеня пратэстоўцы прарвалі ачапленне і ўвайшлі на тэрыторыю парламента ў Найробі. У выніку пратэстаў загінулі 13 чалавек, сотні пацярпелі. У краіне дзейнічае рэжым НС.