1 лiпеня 2024, панядзелак, 23:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Newsweek: Пуцін «праспаў» небяспека ў сябе пад носам

Newsweek: Пуцін «праспаў» небяспека ў сябе пад носам

Праз занятасць Украінай.

У нядзелю, 23 чэрвеня, па Дагестане пракацілася чарада тэрактаў. Баевікі палілі сінагогі і цэрквы, забівалі паліцэйскіх. Тым часам Пуцін фактычна ігнаруе новы ўсплёск нестабільнасці ва ўласнай краіне, зацыкленай на вайне ва Украіне.

Журналісты Newsweek мяркуюць, што ў Крамлі спрабуюць нівеліраваць імавернасць таго, што за падзеямі ў Дагестане стаяць ісламскія баевікі, бо тады адкрыецца ўразлівасць Пуціна, які ўсю ўвагу і рэсурсы засяродзіў на агрэсіі ва Украіне і тых, хто выступае супраць яе ў самой Расеі.

«Хатні» вораг

Пасля таго, як адбылася масавая стральба ў Махачкале і Дэрбэнце, праўладныя палітыкі бяздоказна спрабавалі абвінаваціць у нападзе спецслужбы Украіны і NATO. Яны звярнуліся да таго ж наратыву, што і ў выпадку з тэрактам у «Крокус Сіці Хол» пад Масквой. Тады прапаганда і чыноўнікі аднагалосна заяўлялі пра «ўкраінскі след» і пра тое, што тэрарысты, якія расстралялі людзей у ГЗЦ, беглі ў бок мяжы з Украінай, дзе для іх нібыта рыхтавалі «калідор». Гэтыя заявы гучалі нават пасля таго, як ІДІЛ афіцыйна ўзяла на сябе адказнасць за напад.

Сваімі беспадстаўнымі абвінавачваннямі Крэмль меў патрэбны яму наратыў аб тым, што Захад з'яўляецца самай вялікай экзістэнцыйнай пагрозай бяспекі простых расейцаў.

«Але дзве буйныя тэрарыстычныя атакі, якія адбываюцца так хутка адна за адной, выклічуць пытанне аб тым, ці вайна ва Украіне адцягнула Крэмль ад таго, што адбываецца ўнутры Расеі», – сказаў Ніл Мелвін, дырэктар даследаванняў міжнароднай бяспекі ў Каралеўскім інстытуце абʼяднаных службаў у Лондане.

Мелвін адзначае, што паўторная ўспышка гвалту ў Дагестане зʼяўляецца пагрозай для рэгіянальнай стабільнасці на Паўночным Каўказе і амбіцый Пуціна аднавіць там парадак.

Раней Крэмль не спрабаваў так моцна зменшыць увагу вакол наратыву ісламізму, таму што ён быў яму выгадны.

Дагестан – гэта пераважна мусульманскі рэгіён Расеі на Паўночным Каўказе. Экстрэмісцкі гвалт там узрос у пачатку 2000-х гадоў пасля двух войнаў, якія расейскія сілы развязалі ў суседняй Чачні. Гэтыя канфлікты дазволілі Пуціну сцвярджаць, што ён прынёс мір і стабільнасць у неспакойны рэгіён і палепшыў свой імідж як гаранта бяспекі Расеі.

Але ў апошні час Дагестан – як і іншыя рэгіёны этнічных меншасцяў – стаў асноўнай крыніцай для мабілізацыі людзей на вайну ва Украіну. Рэгіён таксама трапіў у загалоўкі навін у кастрычніку, калі антыізраільскі натоўп штурмаваў аэрапорт у сталіцы Дагестана Махачкале, куды прыбыў рэйс з Ізраілю.

Расейскія ўлады не далі выразнага адказу на тое, хто арганізаваў нядзельную стральбу ў Дагестане.

Непразрыстыя і змешаныя паведамленні таксама былі характэрнай рысай афіцыйнага адказу на папярэднія тэрарыстычныя напады на тэрыторыі Расеі.

Так, праз некалькі дзён пасля нападу на «Крокус Сіці Хол» у сакавіку Пуцін заявіў, што яе здзейснілі «радыкальныя ісламісты», але паставіў пад сумнеў, хто імі кіраваў. Праз два тыдні пасля гэтага ён ужо казаў, што Расея не магла стаць мішэнню «ісламскіх фундаменталістаў», бо зʼяўляецца «унікальным прыкладам міжканфесійнай дамовы і адзінства».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках