1 лiпеня 2024, панядзелак, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці здольная навінка ад Ілана Маска змяніць сітуацыю на фронце ва Украіне?

3
Ці здольная навінка ад Ілана Маска змяніць сітуацыю на фронце ва Украіне?

Тэрмінал Starlink Mini - памерам з ноўтбук і важыць крыху больш за кілаграм.

У сярэдзіне чэрвеня кампанія SpaceX прадставіла новую, кампактную версію карыстацкага модуля для сістэмы спадарожнікавага інтэрнэту Starlink. Тэрмінал Starlink Mini памерам з ноўтбук і важыць крыху больш за кілаграм, што амаль утрая менш за стандартны Starlink, паведамляе «Голас Амерыкі».

З'яўленне Starlink Mini магло б стаць чыста тэхналагічнай навіной, але падчас вайны Расеі супраць Украіны менавіта тэрміналы Starlink сталі ключавым элементам сувязі і навядзення цэляў на полі бою.

Новую, нашмат больш партатыўную версію тэрмінала (Starlink Mini можна лёгка схаваць у заплечнік і падсілкаваць па USB ад вонкавага акумулятара). Яна, магчыма, стане яшчэ больш карыснай у палявых умовах. Як яе з'яўленне адаб'ецца на ходзе баявых дзеянняў?

«Вядома, гэтыя маленькія тэрміналы будуць даволі карыснымі для многіх вайсковых карыстальнікаў», – кажа Якуб Яноўскі, незалежны чэшскі даследчык, які супрацоўнічаў з арганізацыямі Oryx і Bellingcat.

З яго слоў, Mini меншы, лягчэйшы і спажывае менш электраэнэргіі. Усе гэтыя характарыстыкі важныя для вайскоўцаў, кажа Яноўскі.

Пры гэтым толькі аднаму боку канфлікту - Украіне - дазволена карыстацца Starlink у вайсковых мэтах, аднак расейскія вайскоўцы таксама пачалі спрабаваць атрымаць да іх доступ.

Аднак абмежаваць спадарожнікавы інтэрнэт праз Starlink для расейскіх войскаў - без абмежавання доступу для ўкраінскіх вайскоўцаў на перадавой - выявілася тэхнічна нетрывіяльнай задачай.

Ценявы імпарт

Калі ў лютым 2024 года стала шырока абмяркоўвацца выкарыстанне Starlink расейскімі войскамі, журналісты і інтэрнэт-карыстальнікі звярнулі ўвагу на тое, што адным з сайтаў, якія прадаюць тэрміналы Starlink у Расеі, з'яўляецца iMiele.ru, які гандлюе бытавой тэхнікай нямецкага брэнда Miele.

Але пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну кампанія Miele перастала прадаваць свае тавары ў Расею, а сайт iMiele.ru не звязаны наўпрост з нямецкім вытворцам. На афіляваным з iMiele.ru сайце Mieles.ru, які таксама прадае тавары Miele ў Расеі, гаворыцца, што тэхніку пастаўляюць з краін СНД і Еўразвязу.

Гэты падыход з'яўляецца стандартным для імпарту Starlink: як і многія заходнія тавары, тэрміналы трапляюць у Расею праз трэція краіны ў абыход афіцыйных каналаў паставак.

Пасля з'яўлення інфармацыі аб тэрміналах Starlink на службе ва УС РФ, уладальнік SpaceX Ілан Маск заявіў, што спадарожнікавыя сістэмы яго кампаніі ніколі не працавалі і не прадаваліся ў Расеі.

Кіеў заклікаў SpaceX ужыць захады, каб перашкодзіць выкарыстанню тэрміналаў у Расеі. Нягледзячы на гэта, спыніць іх «шэры» імпарт у Расею і іх прымяненне на фронце расейскімі войскамі будзе вельмі складана, гавораць эксперты.

Starlink - гэта мірная тэхналогія, казаў Яноўскі ў інтэрв'ю «Голасу Амерыкі» у лютым.

«Тэрміналы набываюцца ў Еўропе, рэгіструюцца на рэальныя ці выдуманыя імёны - кажа эксперт. - Таму што, нарэшце, кампанія SpaceX не з'яўляецца праваахоўным органам. У іх няма магчымасці праверыць, ці сапраўдныя нечае імя і адрас».

Прагрэс у абмежаванні доступу для Расеі?

Прадстаўніца Пентагона пахваліла кампанію SpaceX за ўжытыя захады па абмежаванні выкарыстання Starlink расейцамі ва Украіне - пра гэта гаворыцца ў лісце, атрыманым выданнем Bloomberg.

Кампанія давала інфармацыю для падтрымкі расследаванняў і абмяжоўвала доступ расейскім карыстальнікам, адзначала Аманда Доры, в.а. намесніка міністра абароны ЗША, у лісце сенатару Элізабэт Уорэн, чальцу сенацкага Камітэта ўзброеных сіл, у чэрвені 2024 года.

На разлікі Пентагона, кожны соты тэрмінал Starlink ва Украіне выкарыстоўваўся ў абыход наяўных абмежаванняў. Хоць SpaceX спыніла абслугоўванне ўжо некалькіх сотняў такіх тэрміналаў, Доры мяркуе, што Расея працягне прыстасоўвацца да сітуацыі і спрабаваць атрымаць інтэрнэт-доступ праз Starlink у абыход забарон.

Кантрабанда сістэм Starlink

Ці спросціць новая версія тэрмінала доступ для расейцаў да сістэмы Starlink? На думку Яноўскага, перавагі Mini наўрад ці кардынальна зменяць сітуацыю: «Я не думаю, што гэта будзе мець вялікае значэнне для кантрабанды, – кажа ён. - Людзі, якім удалося імпартаваць звычайны [тэрмінал] Starlink у Расею, гэтак жа лёгка змогуць імпартаваць новую версію».

Галоўная ўправа выведкі (ГУР) Украіны раней сцвярджала, што Расея купляе сістэмы Starlink у арабскіх краінах. Эксперты меркавалі, што сістэмы рэгістраваліся ў Еўропе, часам - на фіктыўныя імёны.

Увесну 2024 года расейскія інтэрнэт-пляцоўкі, якія прадавалі Starlink, асобна рэкламавалі, што сістэмы прызначаныя «для СВА» (СВА, спецыяльная ваенная аперацыя — так расейскія ўлады называюць ўварванне ва Украіну. Заўв. рэд.).

Спадарожнікавая сувязь для расейскіх вайскоўцаў нятанная: сайт imiele.ru прадаваў тэрміналы за 299 000 рублёў (прыкладна $3240; новы Starlink Mini ў ЗША каштуе $600, звычайны Starlink – $499), без кошту падпіскі.

Завышаны кошт можна растлумачыць складанай лагістыкай дастаўкі тавару ў Расею і махінацыямі, неабходнымі для яго імпарту і выкарыстання.

У перапісцы з Радыё Свабода прадстаўнік аднаго з сайтаў, якія прадаюць Starlink, патлумачыў, што сістэмы паступаюць у Расею «цалкам гатовымі з акаўнтам, аформленым на Польшчу». Іншы прадавец Starlink у Маскве распавёў журналістам выдання, што тэрміналы рэгіструюцца на выпадковыя еўрапейскія імёны і прозвішчы і «левыя звесткі».

Для адкрыцця акаўнта не патрабуецца праверка пашпарта і персанальных звестак.

Калі ўвоз поўнапамерных тэрміналаў Starlink не складаў для расейскіх бізнэсмэнаў цяжкасцяў, то і з больш кампактнымі Mini праблем узнікнуць, імаверна, не павінна.

Аднак калі кошт Mini знізіцца, гэта можа зрабіць таннейшым імпарт, і тады для Украіны стане яшчэ больш важным пытанне стрымлівання прытоку новых сістэм у Расею, мяркуе Яноўскі.

Starlink для Украіны і Расеі

Чаму дапамога SpaceX настолькі важная ў процідзеянні выкарыстанню Starlink у Расеі? Масава адключыць расейскія тэрміналы і пакінуць у страі толькі ўкраінскія тэхнічна вельмі складана.

Ахоп Starlink забяспечваецца кропкавымі каналамі сувязі. Гэта азначае, што на зямлі існуе ячэйка дыяметрам прыкладна 24 км, тлумачыў раней Яноўскі.

«У гэтай зоне ахопу інтэрнэт-паслугамі можа скарыстацца кожны ўладальнік актыўнага тэрмінала, - казаў ён. — Гэта значыць, калі вы, напрыклад, забяспечваеце сувязь украінскіх войскаў у Аўдзееўцы ці іншым прыфрантавым раёне, вам, фактычна, давядзецца таксама ахопліваць сувяззю пэўныя тэрыторыі вакол яго, якія акупаваныя расейскімі войскамі».

Тод Хамфрыс, прафесар Тэхаскага ўніверсітэта, і яго каманда ўжо некалькі гадоў працуюць над вывучэннем структуры сігналу Starlink і над больш дакладным вызначэннем месцазнаходжання тэрміналаў.

Starlink выкарыстоўвае маленькі GPS-прымач, убудаваны ў кожную сістэму, для вызначэння месцазнаходжання, тлумачыў «Голасу Амерыкі» прафесар у лютым 2024 года.

Аднак у зонах баявых дзеянняў GPS-сігналы часта глушацца ці падрабляюцца. Хамфрыс меркаваў, што ў SpaceX прыдумалі падманны шлях для УСУ. Не выключана, што гэты падманны шлях выкарыстоўвае і Расея, каб устанавіць свае ўласныя каардынаты і падмануць тэрмінал, прымусіўшы яго думаць, што ён знаходзіцца на ўкраінскім баку фронту.

З улікам цяперашняй сітуацыі і з'яўленні Starlink Mini, Яноўскі мяркуе, што акрамя адключэння канкрэтных сістэм, якія знаходзяцца пад кантролем расейскіх вайскоўцаў, SpaceX можа ўжыць дадатковыя захады для абмежавання магчымасцяў тэрміналаў, якія выкарыстоўваюцца УС РФ.

«Напрыклад, я думаю, што мела б сэнс дазволіць тэрміналам ва Украіне актывавацца і пачаць атрымліваць звесткі толькі ў тым выпадку, калі яны ўпершыню з'явяцца, скажам, у 50 з лішнім кіламетрах за лініяй фронту на падкантрольнай Украіне тэрыторыі» - кажа ён.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках