1 лiпеня 2024, панядзелак, 22:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адна з найбуйнейшых сыравінных галінаў РФ на мяжы фінансавага краху

6
Адна з найбуйнейшых сыравінных галінаў РФ на мяжы фінансавага краху

Прыбытак у сектары здабычы вугалю ўпаў на 93%.

Расейская вугальная галіна – адна з найбуйнейшых сыравінных галінаў эканомікі, якая ўключае больш за 30 монагарадоў і 650 тысячаў занятых (з улікам сумежных прадпрыемстваў), – на ўсіх парах імчыцца да цяжкага крызісу.

Як паведаміў Расстат, у студзені – красавіку сальдаваны прыбытак у сектары «здабычы вугалю» ўпаў на 93%, або амаль у 15 разоў. Менш за палову кампаній галіны закончылі ў плюсе першыя чатыры месяцы 2024 года, хоць год таму такіх было дзве траціны, а іх сумарны фінансавы вынік скараціўся ўдвая – да 72 млрд рублёў. Кожная другая кампанія, паводле афіцыйнай статыстыкі, стала стратнай (52,4%), пры гэтым іх сукупныя страты за чатыры месяцы дасягнулі 58 млрд рублёў. У выніку сальдаваны прыбытак вугальнікаў за студзень – красавік склаў толькі 14,3 млрд рублёў – амаль на 200 млрд менш, чым за той жа перыяд год таму.

Адрэзаныя санкцыямі ад заходніх рынкаў, вугальныя кампаніі імкліва страчваюць пакупнікоў у краінах, якія Крэмль называе «сяброўскімі». Паводле вынікаў першага квартала экспарт расейскага вугалю асеў на 13%, а ў сакавіку спад дасягаў 17%, падлічылі эксперты Цэнтра коштавых індэксаў (ЦЦІ) Газпрамбанка. Штомесяц вугальнікі страчвалі блізу 3 млн тон экспарту, а кошты расейскага вугалю ўпалі да 3-гадовага мінімуму: $95 за тону ў партах Далёкага Усходу (-6% з пачатку года), $72 за тону ў Тамані (-13% з пачатку года) і толькі $61 у партах Балтыйскага мора (-14%).

Індыя, на якую прыпадае блізу траціны расейскага вугальнага экспарту, за сакавік – травень скараціла закупкі на 22%, да 6,76 млн тонаў, паводле падлікаў кансалтынгавай кампаніі Bigmint. Таксама ўпаў экспарт у Турцыю, Паўднёвую Карэю і Японію, адзначалі эксперты ЦЦІ.

Вугальная прамысловасць падыходзіць да «цяжкага крызісу», папярэджвала ў красавіку камісія Дзяржрады энэргетыкі. Паводле яе ацэнак, галіна знаходзіцца ў стане касавага разрыву (калі плацяжы паступаюць меншыя, чым адтокі з рахункаў), а да канца года яе адмоўная грашовая плынь дасягне 450 млрд рублёў.

Праблемаў вугальным кампаніям дадаў Кітай, паказваюць эксперты Інстытута Гайдара: найбуйнейшы пакупнік расейскай сыравіны ўвёў імпартныя мыты на вугаль, якія не распаўсюджваюцца на іншых пастаўшчыкоў – Інданезію і Аўстралію, што ўваходзяць зону свабоднага гандлю з КНР.

У той час як прыбыткі вугальнікаў падаюць, выдаткі толькі растуць, скардзіўся ў красавіку губернатар Кузбаса Сяргей Цывілеў. Сабекошт вугалю, паводле ягоных словаў, вырас на 30%, бо павялічыліся выдаткі на імпартнае абсталяванне, тарыфы на чыгуначныя перавозкі, кошт арэнды вагонаў, перавалкі ў партах, фрахту і страхоўкі марскіх караблёў, а таксама выдаткі на абслугоўванне крэдытаў праз рэзкае павышэнне ключавой стаўкі ЦБ.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках