30 чэрвеня 2024, Нядзеля, 9:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея страціла ў траўні больш за 30 тысячаў салдатаў

22
Расея страціла ў траўні больш за 30 тысячаў салдатаў

Больш, чым набрала ў войска.

Расейскае войска страчвае на полі бою ўсіх, каго рэкрутуе, і нават больш – прынамсі менавіта так ішлі справы ў траўні, калі яно ўварвалася ў Харкаўскую вобласць і было спыненае з дапамогай атрыманай Украінай амерыканскай зброі і ўсюдыісных украінскіх дронаў.

Мінулы месяц быў асабліва крывавым: у сярэднім расейскае войска страчвала забітымі і параненымі больш за 1000 чалавек кожны дзень – такімі звесткамі з The New York Times падзяліліся выведкі ЗША, Вялікай Брытаніі ды іншых заходніх краінаў.

Брытанская выведка называе травень самым крывавым за ўсе 27 месяцаў вайны, мяркуючы, што страты складалі, у сярэднім, блізу 1200 чалавек за дзень. Такім чынам, за травень войска магла страціць 31–37 тысячаў байцоў.

Пры гэтым, паводле словаў амерыканскіх чыноўнікаў, Расея прадаўжае папаўняць яе на 25–30 тысячаў чалавек за месяц. Гэта дазваляе камандаванню прадаўжаць кідаць салдатаў у смяротныя мясныя штурмы, не клапоцячыся пра захаванне колькасці вайсковай групоўкі, якая спрабуе акупаваць Украіну.

Падобная тактыка больш-менш спрацавала двойчы – пры ўзяцці Бахмута і Аўдзееўкі. Праўда, для іх захопу даводзілася кідаць вагнераўцаў, зняволеных і простых салдатаў у мясасечку вельмі доўга: бітва за Бахмут доўжылася блізу года, Аўдзееўку штурмавалі чатыры месяцы. Пасля ўводу войскаў у Харкаўскую вобласць 10 траўня 2024 г. спачатку здавалася, што вынік будзе дасягнуты хутчэй: у ходзе няспынных атак на Ваўчанск расейскія часткі ў першыя ж дні змаглі заняць частку горада. Але потым наступ заглух. Паводле словаў украінскіх і амерыканскіх вайскоўцаў, гэтай вясной тактыка мясных штурмаў дае прыкметна меншы вынік.

Пры гэтым вяліся яны не толькі на паўночным усходзе, але і на ўсходзе Украіны. Аднак масавае выкарыстанне дронаў, касетных боепрыпасаў і пераход УСУ да абароны, у тым ліку з мінаваннем падыходаў і выкарыстаннем фартыфікацыйных збудаванняў, фактычна прыраўноўвае знаходжанне салдатаў у наступе на адкрытай тэрыторыі да самагубства. А іх яшчэ да таго ж сталі часта пасылаць у атаку не на бронятэхніцы, а на матацыклах, квадрацыклах, адкрытых машынах тыпу «багі». Паводле падлікаў аналітыка адкрытых звестак Эндру Перпетуа, у агульнай колькасці ў траўні было знішчана, пашкоджана і кінута салдатамі 182 такія транспартныя сродкі. Калі ў лютым расейцы страцілі ў баях пяць матацыклаў, у сакавіку – адзін, у красавіку – 13, то ў траўні – 56, адзначае Forbes.

«Прэзідэнт Пуцін і Масква вельмі імкнуліся дабіцца вялікіх поспехаў, прарвацца праз лінію фронту гэтай вясной, – сказаў у інтэрв'ю NYT генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг. – Яны спрабавалі і пацярпелі няўдачу. Яны дамагліся вельмі маленькіх поспехаў і плацяць за гэта вельмі высокі кошт».

Маштабамі стратаў травень можа набліжацца да вайны ў Аўганістане: тады за 10 гадоў ваенных дзеянняў загінула крыху больш за 15000 савецкіх вайскоўцаў. Падчас украінскай вайны аўганскую ўжо перасягнула бітва за Аўдзееўку, у якой расейскае войска страціла блізу 16–17 тысячаў чалавек забітымі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках