30 чэрвеня 2024, Нядзеля, 9:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Пакістане ад спякоты загінулі блізу 600 чалавек

8
У Пакістане ад спякоты загінулі блізу 600 чалавек

Лякарні і моргі перапоўненыя.

Тысячы чалавек трапілі ў лякарні і некалькі сотняў памерлі ў выніку спякоты ў Пакістане. Асабліва шмат пацярпелых у Карачы, найбуйнейшым горадзе краіны, піша ВВС.

Тэмпература паветра ў горадзе перавысіла 40°C, але праз высокую вільготнасць спякота адчувалася як 49–50°C.

Фейсал Эдхі, кіраўнік Фонду Эдхі, які кіруе найбуйнейшай у краіне службай хуткай дапамогі, заявіў, што ў пачатку тыдня іх машыны даставілі ў моргі дзясяткі целаў ахвяраў цеплавога ўдару.

Як правіла, штодзень у гарадскі морг Карачы паступае ад 30 да 40 целаў. Але за апошнія шэсць дзён іх колькасць вырасла да 568, з іх 141 было сабрана толькі ў аўторак. Ён таксама адзначыў, што «большасць з іх была з бедных раёнаў горада».

Тры моргі фонду ў Карачы ўмяшчаюць у агульнай колькасці 264 целы. І ўсе яны запоўненыя.

– Мы вымушаныя трымаць тры целы на адной паліцы. Нам таксама давялося тэрмінова пахаваць 22 незапатрабаваныя целы, пратрымаўшы іх значна менш, чым звычайна, каб вызваліць месца. І з недахопам месцаў сутыкаюцца ўсе моргі горада, нават пры мячэцях і жалобных залах, – апавядае Фэйсах Эхдзі.

Пакуль яшчэ нельга з упэўненасцю сказаць, што ўсе яны памерлі менавіта ад цеплавога ўдару, але высокія тэмпературы, безумоўна, былі адной з прычынаў смерці.

Загадчык аддзялення неадкладнай дапамогі ў Грамадзянскай лякарні Карачы, Імран Сарвар Шэйх, расказаў агенцтву Associated Press, што ў перыяд з нядзелі да серады па дапамогу звярнуліся 267 чалавек з цеплавым ударам, 12 з якіх пазней памерлі.

– Большасць людзей, якія звярнуліся ў лякарню, былі ва ўзросце 60–70 гадоў. Але некаторым было блізу 45 і нават некалькі 20-гадовых, – расказаў ён Бі-бі-сі. – Многія з тых, каму мы прапанавалі дапамогу, працавалі на вуліцы. Мы параілі ім піць як мага больш вады і насіць лёгкае адзенне, што неабходна пры такіх высокіх тэмпературах.

Сімптомы цеплавога ўдару ўключаюць ваніты, дыярэю і высокую тэмпературу.

Хваля спякоты накрыла Пакістан у мінулыя выходныя. Улады адкрылі спецыяльныя цэнтры ў надзеі прапанаваць дапамогу людзям, якія пакутуюць ад спякоты.

На жаль, далёка не ўсе, хто мае патрэбу ў дапамозе, здолелі яе своечасова атрымаць.

Напрыклад, 56-гадовы ахоўнік Васім Зафар страціў прытомнасць, прыйшоўшы дадому пасля 12-гадзіннай начной змены.

Да таго часу, калі сям'я Васіма давезла яго да лякарні, было ўжо занадта позна. Лекары сказалі, што ён памёр, хутчэй за ўсё, ад сардэчнага прыступу.

Сітуацыю пагаршаюць перабоі з падачай электраэнэргіі ў Карачы, што прыводзіць да рэгулярных адключэнняў кандыцыянераў і вентылятараў, адзінай магчымасці выратавацца ад спякоты.

Сярод тых, хто пацярпеў ад часовага адключэння электразабеспячэння, быў 40-гадовы Мухамед Амін. У Пакістане ўлады даволі часта часова адключаюць электразабеспячэнне, каб хоць неяк рэгуляваць недастатковыя магутнасці.

Сваяк Мухамеда сказаў, што ў іх кватэры электрычнасць адключалі ўвесь час. Як ён расказаў, Мухамеду раптам стала блага, і праз кароткі час ён памёр. Прычына смерці афіцыйна не ўстаноўленая, хоць ягоная сям'я падазрае, што памёр ён менавіта праз спёку.

Паводле звестак газеты Dawn, хуткая дапамога падабрала на вуліцах целы 29 чалавек. Паліцэйская лекарка Сумая Саед адзначыла, што многія з іх, магчыма, злоўжывалі наркотыкамі.

– На іх целах не было ніякіх слядоў траўмаў. Але іх вонкавы выгляд і тое, што іх целы былі заўважаныя кіроўцамі хуткай дапамогі на ходніках і збочынах дарог, кажа пра тое, што, хутчэй за ўсё, яны былі наркаманамі, – патлумачыла яна, дадаўшы, што ўлады называюць верагоднай прычынай іх смерці цеплавы ўдар.

Паводле ейных словаў, у морг для афармлення юрыдычных фармальнасцяў, гэта значыць, для правядзення ўскрыцця, каб вызначыць дакладную прычыну смерці, перадаюцца толькі тыя памерлыя, асобу якіх не атрымалася вызначыць.

Метэаролагі гавораць, што хваля спякоты ў Карачы прадоўжыцца да наступнага тыдня, хоць тэмпературы, згодна з прагнозамі, будуць крыху ніжэйшыя.

Гэта далёка не першая хваля спякоты, якая сёлета накрыла Пакістан. Паводле звестак агенцтва Reuters, у мінулым месяцы ў правінцыі Сінд, сталіцай якога з'яўляецца Карачы, была адзначаная амаль рэкордная тэмпература 52,2°C.

Ад спёкі церпяць і найбліжэйшыя суседзі Пакістана. Напрыклад, у сталіцы Індыі Дэлі назіраецца беспрэцэдэнтная доўгая спякота. Пачынаючы з траўня дзённая тэмпература перавышае 40°C, часам набліжаючыся да 50°C.

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што падобныя экстрэмальныя з'явы надвор'я становяцца ўсё больш частымі і інтэнсіўнымі ў выніку змены клімату.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках