30 чэрвеня 2024, Нядзеля, 9:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У РФ губернатарам забаранілі «перамагаць» на «выбарах» з вынікамі, як у Пуціна

5
У РФ губернатарам забаранілі «перамагаць» на «выбарах» з вынікамі, як у Пуціна

Дыктатар РФ атрымаў на «выбарах» больш за 87% галасоў.

Губернатарам забаранілі перамагаць на выбарах у рэгіёнах са звышвялікім вынікам, расказалі «Ведамасцям» пяць крыніцаў, блізкіх да адміністрацыі прэзідэнта. У «Сенежы» з 19 да 22 чэрвеня ў закрытым рэжыме прайшоў семінар для віцэ-губернатараў датычна ўнутранай палітыкі падвядзення вынікаў прэзідэнцкай кампаніі і падрыхтоўкі да рэгіянальных выбараў.

«Эпоха звышвялікіх вынікаў адышла ў мінулае. Да прыкладу, вынік 55% – аптымальны для губернатараў, але можа быць вышэйшы, да 67–68%. Астатняе выглядае [хутчэй] “дрэнным тонам”», – паведаміла выданню адна з крыніцаў пра вынікі семінару.

Паводле звестак іншых суразмоўцаў, нармальнай з'яўляецца яўка не ніжэйшая за 35%, а вынік – большы за 55%. Паводле іх словаў, чым вышэйшы ў кіраўніка рэгіёну вынік, тым больш чаканняў у насельніцтва, што яго перавядуць у іншы рэгіён. Адносна рэгіянальных парламентаў знік абавязак, каб іх кантралявалі партыяй улады. Гаворка ідзе не толькі пра вынікі галасавання за «Адзіную Расею» паводле спісу, але і пра агульную колькасць мандатаў на рэгіянальных выбарах.

«Татальнае дамінаванне не з'яўляецца галоўнай мэтай. У тым ліку і таму, што ўсе палітычныя сілы павінны ўдзельнічаць у справах краіны», – падзялілася сваімі высновамі адна з крыніцаў, іншы суразмоўца сцвярджае, што сярод дэпутатаў павінна быць як мага больш лаяльных парламентарыяў, у тым ліку і з іншых партый. Паводле словаў яшчэ адной крыніцы, на будучых выбарах няма ўстановак пра высокую яўку. Яна прывяла прыклад, што на выбарах у заксабрання яна можа быць большая – 30%, а ў рэгіянальных сталіцах – 25%.

Суразмоўца газеты расказаў, што на семінары абмяркоўваліся грамадскія трэнды і правільная рэакцыя на іх. Чыноўнікам паведамілі, як праводзіць працу з удзельнікамі вайны і растлумачылі сітуацыю ў міжнацыянальнай палітыцы. Канкрэтных крокаў крыніцы выдання не прывялі.

У зону асаблівай увагі перад выбарамі патрапілі шэсць суб'ектаў РФ. Гэта выбары губернатараў у Санкт-Пецярбургу і на Алтаі, выбар у заксходы і гардумы ў Хабараўскам краі, Марый Эл і Курганскай вобласці, а таксама выбары мэра Абакана ў Хакасіі.

Менш праблемнымі ў адміністрацыі прэзідэнта называюць выбары губернатараў у Валагодскай, Калінінградскай, Арэнбургскай і Самарскай абласцях, Калмыкіі і Забайкаллі. На выбарах заксходаў – Масква і Рэспубліка Алтай, а на выбарах адміністрацыйных цэнтраў Чукотка (тут яшчэ пройдуць выбары мэра Анадыра), Валагодская, Мурманская, Чэлябінская, Іркуцкая вобласці, Ненецкі АТ, Калмыкія, Буратыя і Забайкалле. Астатнія рэгіёны называюцца суб'ектамі «з устойлівай сітуацыяй», кажа крыніца.

Паводле словаў прэзідэнта фонду «Пецярбургская палітыка» Міхаіла Вінаградава, у падобных семінараў ёсць некалькі сэнсаў, сярод якіх абмен досведам і дапамога новым удзельнікам. «Акрамя таго, гэта і абвяшчэнне новага кантэнту, у тым ліку звязанага з кіраваннем рызыкамі», – удакладніў ён.

Выбары прэзідэнта Расеі, на якіх Уладзімір Пуцін пераабраўся на пяты тэрмін, каб заставацца ва ўладзе да 2030 года, праходзілі з 15 да 17 сакавіка. Пуцін атрымаў на выбарах больш за 87% галасоў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках