30 чэрвеня 2024, Нядзеля, 20:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінабароны РФ заявіла аб рызыцы прамой вайны з NATO

12
Мінабароны РФ заявіла аб рызыцы прамой вайны з NATO

Праз дроны ў Чорным моры.

Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі выказала занепакоенасць павелічэннем актыўнасці стратэгічных беспілотнікаў ЗША над Чорным морам, заявіўшы, што гэтыя дроны выкарыстоўваюцца для разведкі і навядзення высокадакладнай зброі, перададзенай Узброеным сілам Украіны. Пра гэта 28 чэрвеня паведамляе расейскае медыя The Moscow Times са спасылкай на абароннае ведамства краіны-агрэсара.

Паводле заявы Мінабароны РФ, павышаная актыўнасць беспілотнікаў нібы ўказвае на ўцягнутасць ЗША і краін NATO ў вайну на баку Украіны.

«Такія палёты ў некалькі разоў падвышаюць імавернасць інцыдэнтаў у паветранай прасторы з лятальнымі апаратамі Паветрана-касмічных сіл Расеі, што павялічвае рызыку прамой канфрантацыі альянсу з Расейскай Федэрацыяй. Адказнасць за гэта будуць несці краіны NATO», – заявілі ў Мінабароны Расеі.

Паведамляецца, што міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў даручыў Генштабу Узброеных сіл РФ распрацаваць прапановы па аператыўным рэагаванні на «правакацыі» ЗША, звязаныя з пралётамі беспілотнікаў над акваторыяй Чорнага мора.

Як адзначаюць расейскія журналісты, на працягу апошніх месяцаў Міністэрства абароны РФ не паведамляла аб прысутнасці амерыканскіх беспілотнікаў над Чорным морам. Аднак 23 чэрвеня агенцтва «РІА Навіны», спасылаючыся на звесткі Flightradar24, паведаміла, што падчас ракетнай атакі на Севастопаль над Чорным морам быў зафіксаваны палёт амерыканскага разведвальнага дрона RQ-4B Global Hawk. Са звестак Мінабароны РФ, удар па Севастопалі быў нібыта нанесены дальнабойнымі амерыканскімі ракетамі ATACMS, якія кіруюцца спецыялістамі ЗША на аснове разведвальных звестак.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках