У ДПК заявілі аб выхадзе «Рускага добраахвотніцкага корпуса» да мяжы з Беларуссю
10- 28.06.2024, 13:59
- 11,472
![У ДПК заявілі аб выхадзе «Рускага добраахвотніцкага корпуса» да мяжы з Беларуссю](https://i.c97.org/ai/550257/aux-head-1685600367-20230601_rdk2_360.jpg)
На гэтым жа кірунку нібыта знайшлі «схованку з выбухоўкай».
У Дзяржпагранкамітэце заявілі аб знаходжанні ў паласе адказнасці Жытомірскага пагранічнага атрада «Рускага добраахвотніцкага корпуса».
«Зафіксаваныя рэкагнасцыроўка мясцовасці і актыўная выведвальная дзейнасць, у тым ліку з выхадам да дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь», - сцвярджаюць у ведамстве.
Таксама ў ДПК заяўляюць аб выведвальных палётах украінскіх беспілотнікаў уздоўж мяжы з Беларуссю, супраць якіх ужываюць штатнае ўзбраенне і тэхнічныя сродкі радыёэлектроннай барацьбы.
«Так, 26 чэрвеня ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці памежны патруль ад памежнай заставы Мазырскага памежатрада ў выніку выкарыстання баявой зброі і сродкаў падаўлення спыніў парушэнне паветранай прасторы квадракоптарам, які рухаўся з украінскай тэрыторыі ўглыб Рэспублікі Беларусь. Беспілотны лятальны апарат быў прымушаны да пасадкі за 150 метраў ад дзяржаўнай мяжы. На флэш-мапе БПЛА выяўленыя відэафайлы, аналіз якіх сведчыць, што лятальны апарат рабіў выведку прамысловых аб'ектаў, якія знаходзяцца на прымежнай тэрыторыі, а таксама памежнай інфраструктуры», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
У ведамстве таксама сцвярджаюць аб знойдзеным на гэтым жа кірунку тайніку «з кампанентамі для вырабу самаробных выбуховых прылад».
![](https://i.c97.org/ai/600764/aux-1719572219-pic_3-21.jpeg)
«Знойдзеныя кантэйнеры з 2 кілаграмамі пластычнага выбуховага рэчыва, выканаўчымі прыладамі-ўзрывальнікамі з запаламі і дэтанатарамі да іх», - заяўляюць у ДПК.
«Органамі пагранічнай службы ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам абароны ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў па дадатковым прыкрыцці дзяржаўнай граніцы, узмацненні кантролю за паветранай прасторай і захавання рэжыму на прыгранічнай тэрыторыі», - гаворыцца ў паведамленні.