Шры-Ланка запатрабавала ў Расеі кампенсацыю за забітых на вайне ва Украіне наймітаў
4- 28.06.2024, 14:14
- 7,488
![Шры-Ланка запатрабавала ў Расеі кампенсацыю за забітых на вайне ва Украіне наймітаў](https://i.c97.org/ai/600767/aux-head-1719573205-20240326_foto2_360.jpg)
Пытанне абмяркоўвалася падчас перамоў у Маскве.
Шры-Ланка запытала ў Расеі кампенсацыю за гібель сваіх грамадзян-наймітаў падчас вайны ва Украіне. Пра гэта гаворыцца на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Шры-Ланкі.
Паводле паведамлення, гэтае пытанне абмяркоўвалася падчас перамоў у Маскве, якія ўзначальваў дзяржаўны міністр замежных спраў Тарака Баласурыя.
Дэлегацыя са Шры-Ланкі сустрэлася з намеснікам міністра замежных спраў Расеі Андрэем Рудэнкам і намеснікам міністра абароны Аляксандрам Фаміным. Тэмай абмеркавання сталі выплаты сем'ям 17 загінулых і параненых наймітаў, датэрміновае «скасаванне кантрактаў завербаваных і выплата належных узнагарод». Пры гэтым колькасць параненых наймітаў у паведамленні не ўдакладняецца.
![](https://i.c97.org/ai/600767/aux-1719573160-1.jpg)
«Падчас сустрэчы Шры-Ланка прапанавала стварыць супольны працоўны камітэт, які складаецца з афіцыйных асобаў двух бакоў, які будзе праводзіць рэгулярныя сустрэчы для развязання пытанняў і праблем грамадзян Шры-Ланкі, якія былі адпраўленыя назад. Абодва бакі пагадзіліся працягнуць узаемадзеянне па разгляданых пытаннях», - гаворыцца ў паведамленні МЗС Шры-Ланкі.
Як піша «Радыё Свабода», у вайне на баку Расеі нібыта ўдзельнічаюць не менш за дзве тысячы ланкійцаў з абодвух бакоў. Расейскае МЗС не падало падрабязнай інфармацыі аб сустрэчы. У афіцыйнай заяве ведамства згадваецца толькі абмеркаванне «актуальных пытанняў расейска-ланкійскага парадку дня».