1 лiпеня 2024, панядзелак, 1:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турцыя амаль у чатыры разы скараціла набыццё расейскага газу

2
Турцыя амаль у чатыры разы скараціла набыццё расейскага газу

Анкара павялічыла набыццё газу з Азербайджана.

«Газпрам», які страціў дзве траціны экспарту і атрымаў рэкордную ў сваёй гісторыі страту, мае праблемы на адным з апошніх буйных рынкаў продажу газу.

Турцыя, якая стала другой найбуйнейшай кліенткай «Газпрама» пасля спынення паставак большасці еўрапейскіх краінаў, рэзка скараціла імпарт з Расеі, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на статыстыку турэцкай Рады рэгулявання энэргетычнага рынку (EPDK).

У красавіку турэцкія імпарцёры набылі ў «Газпрама» толькі 413 млн кубаметраў трубаправоднага газу – у 3,6 разу менш, чым у тым самым месяцы год таму (1,523 млрд кубоў).

Набыццё азербайджанскага газу пры гэтым павялічыліся – на 12%, да 1,001 млрд кубаметраў. Яшчэ 544 млн кубаметраў Турцыя набыла ў Іране – удвая больш, чым у сакавіку і лютым.

Ад расейскага ЗПГ турэцкія кампаніі адмовіліся зусім: у красавіку парты краіны не прынялі ніводнага танкера з сыравінай з РФ. Найбуйнейшым пастаўшчыком звадкаванага газу ў краіну стаў Алжыр (5 танкераў-газавозаў), а агульныя аб'ёмы імпарту склалі 437 млн кубаметраў (-37% год да году).

Турцыя летась выгандлявала сабе буйную газавую зніжку, калі дзяржаўная энэргакампанія Botas атрымала права адтэрмінаваць плацяжы «Газпраму» на $4 млрд.

У пачатку года прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган планаваў паставіць пытанне пра новае зніжэнне коштаў расейскага газу. Дамагацца саступак ён меў намер падчас перамоваў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, які планаваў візіт у Анкару. Паводле словаў крыніцы ТАСС, Эрдаган спадзяваўся ўвязаць новую зніжку з праектам «газавага хабу» ў Турцыі, з дапамогай якога Крэмль спадзяецца знайсці новых пакупнікоў для газавай манаполіі пасля страты ключавога, еўрапейскага, рынку.

Крэмль скасаваў візіт Пуціна ў Анкару неўзабаве пасля таго, як стала вядома, што турэцкія банкі пачалі масава блакаваць плацяжы ў Расею, баючыся санкцый амерыканскага Мінфіна, які на пачатку года атрымаў новыя паўнамоцтвы ад адміністрацыі Джо Байдэна. Нягледзячы на перамовы, якія прадаўжаліся амаль паўгода, развязаць праблему плацяжоў так і не атрымалася, паведамляў у чэрвені прадстаўнік Ziraat – аднаго з найбуйнейшых дзяржбанкаў Турцыі з актывамі на $110 млрд.

Перамовы Пуціна і Эрдагана, як чакаецца, адбудуцца ў пачатку ліпеня – на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), які пройдзе 3–4 ліпеня ў Астане. Апроч Украіны і бяспекі ў Чорным моры, будуць абмяркоўвацца пытанні газавага гандлю, паведамляў раней Haberturk са спасылкай на знаёмыя з сітуацыяй крыніцы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках