1 лiпеня 2024, панядзелак, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Foreign Affairs: Расейскія эліты вераць у поспех паўторнага ўварвання ва Украіну праз Беларусь

29
Foreign Affairs: Расейскія эліты вераць у поспех паўторнага ўварвання ва Украіну праз Беларусь

Журналіст Міхаіл Зыгар падзяліўся інсайдамі ад некалькіх пракрамлёўскіх алігархаў і бізнэсмэнаў.

Выданне Foreign Affairs выпусціла артыкул вядомага расейскага журналіста Міхаіла Зыгара, які падзяліўся інсайдамі ад некалькіх пракрамлёўскіх алігархаў і бізнэсмэнаў наконт настрояў іх атачэння наконт вайны ва Украіне. Вось пра што цяпер мараць расейскія эліты, піша «Наша Нiва».

Крыніцы ў чыноўніцкім і бізнэсовым асяроддзі Крамля ананімна падзяліліся з антываенным журналістам Міхаілам Зыгарам інфармацыяй пра настроі расейскіх элітаў на фоне цяперашняга стану вайны ва Украіне. Тэкст Зыгара выйшаў у буйным заходнім выданні Foreign Affairs.

Паводле крыніцаў, многія прадстаўнікі элітаў, якія на пачатку вайны былі шакаваныя падзеямі і таму крытыкавалі Пуціна, перасталі супраціўляцца і нават сталі падтрымліваць палітыку Крамля. Прычыны ў іх розныя: адны паверылі ў перамогу Расеі на полі бою, іншыя прызналі бессэнсоўнасць пратэстаў, а трэція мяркуюць, што заходнія краіны аслабелі і выдыхнуцца раней за Расею.

«Эліта ўжо не дыскутуе, ці варта падтрымліваць Пуціна. Галоўнае пытанне, якое хвалюе сёння многіх – чым жа скончыцца вайна. Частка з нас спадзяецца, што даволі толькі аднаго паспяховага буйнога наступу, каб Пуцін супакоіўся. Ёсць і тыя, хто звязвае канец вайны з абавязковым захопам Харкава ці Кіева. Але яшчэ адна частка верыць, што Пуцін пойдзе далей у Еўропу, каб паралізаваць NATO. І гэта нягледзячы на магчымую перамогу Трампа на выбарах», – падзяліліся некалькі расейскіх алігархаў на ўмовах ананімнасці.

Яны дадалі, што прыхільнікі далейшай эскалацыі перакананыя ў поўнай слабасці Захаду і ў тым, што NATO не прыйдзе на дапамогу балтыйскім краінам.

«На думку расейскай эліты, найбольш верагоднай мэтай будзе Эстонія ці Латвія. Для гэтага спачатку наша ФСБ дэстабілізуе сітуацыю ў краінах праз расейскую меншасць, якая папросіць аб "дапамозе" Крамля "праз прыгнёт".

Тады расейскія войскі перасякуць мяжу і возьмуць пад свой кантроль гарады ва ўсходняй частцы абедзвюх дзяржаваў, такія, як, напрыклад, пераважна расейскамоўны эстонскі горад Нарва. Узяўшы Нарву, Пуцін праверыць, ці сапраўды NATO гатовае пайсці на рызыку развязвання Трэцяй сусветнай вайны. І адбудзецца гэта, хутчэй за ўсё, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў ЗША, каб дакладна перашкодзіць Байдэну пераабрацца на новы тэрмін», – мяркуюць некаторыя алігархі.

З іх ацэнак і назіранняў, сваю ролю ва ўсім гэтым яшчэ згуляе і Беларусь.

«Многія ў Маскве вераць, што паўторны наступ з Беларусі на ўкраінскую сталіцу будзе больш паспяховым, чым у 2022 годзе, бо колькасць расейскага войска павялічылася, яно цяпер лепш падрыхтаванае і абсталяванае, а ўкраінцы занадта стаміліся і не змогуць арганізаваць эфектыўную абарону на яшчэ адным кірунку», – піша Міхаіл Зыгар са спасылкай на крыніцы ў расейскіх элітах.

«Дрэнна быць ізгоем-пераможцам, але яшчэ горш быць ізгоем, які пацярпеў паразу. Мы павінны перамагчы, таму што нам тады не дадуць жыцця, а Расея разваліцца», – сказаў адзін з апытаных алігархаў, які раней крытыкаваў вайну, а потым змірыўся.

Нагадаем, што ў пачатку года нямецкае выданне Bild атрымала доступ да сакрэтнага дакумента Бундэсвера, у якім распісаны сцэнар паўнавартаснага расейскага ўварвання ў Еўропу ў 2025 годзе, да яго цяпер рыхтуецца NATO. У гэтым сцэнары асноўная роля адведзеная Беларусі.

Паводле сцэнара, Расея гэтым летам можа пачаць актыўна ўчыняць кібератакі на сістэмы NATO і правакаваць беспарадкі ў краінах Балтыі з удзелам этнічных расейцаў, што стане падставай для правядзення ў верасні на тэрыторыі Беларусі вучэнняў «Захад-2024» з удзелам 50 тысячаў расейскіх салдатаў.

На падставе вучэнняў Расея, паводле сцэнара, усю восень будзе нарошчваць свой ваенны кантынгент і арсенал ракетаў у Беларусі ля межаў Літвы і Польшчы, адначасова робячы тое самае і з боку Калінінграда.

Потым у снежні 2024-га ў раёне Сувалкскага калідора Расея можа справакаваць «штучны памежны канфлікт» і «беспарадкі са шматлікімі ахвярамі», як гэта было ў 2021-м з нелегальнымі мігрантамі.

Усё гэта павінна будзе адбывацца ў разгар выбарчай кампаніі ў ЗША, калі ў краіны яшчэ не будзе абранага лідара.

«Менавіта ў той момант Расея пры дапамозе Беларусі можа зладзіць у раёне Сувалкскага калідора ваеннае ўварванне, падобнае да расейскіх дзеянняў ва Украіне ў 2014 годзе», – піша Bild, спасылаючыся на сакрэтны дакумент Бундэсвера.

Чакаецца, што ў сакавіку 2025 года Расея перакіне ў Беларусь дзве дадатковыя танкавыя дывізіі і больш за 70 тысячаў салдатаў. У адказ на гэта NATO ў траўні перакіне да межаў Расеі і Беларусі 300-тысячны ваенны кантынгент, сярод якога будзе 30 тысячаў салдатаў з Нямеччыны.

Далей, паводле сцэнара, павінен здарыцца «Дзень X» (поўнамаштабнае расейскае ўварванне і вайна з NATO), зыход якога ў дакуменце застаецца адкрытым, адзначае Bild.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках