2 лiпеня 2024, aўторак, 13:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гістарычны момант: у Беластоку падпісалі дэкларацыю аб стварэнні Інстытута беларускай мовы

10
Гістарычны момант: у Беластоку падпісалі дэкларацыю аб стварэнні Інстытута беларускай мовы

Пасля падвядзення вынікаў філалагічнай канферэнцыі.

28 і 29 чэрвеня ў Беластоку праходзіла канферэнцыя «Беларуская мова і мовазнаўства: стан, выклікі, практычныя захады», дзе абмяркоўваліся праблемы, якія стаяць перад беларускай мовай і спецыялістамі ў галіне яе развіцця.

«Белсат» пабываў на канферэнцыі і сабраў найбольш цікавыя з выступаў, а таксама прысутнічаў на гістарычным моманце падпісання дэкларацыі аб стварэнні Інстытута беларускай мовы.

Самае важнае пытанне

Праграма двухдзённай канферэнцыі была насычанай, арганізатары сфармавалі яе такім чынам, каб падчас выступленняў узняць звышактуальныя пытанні развіцця беларускай мовы і яе функцыянавання – як за мяжой, так і ўнутры Беларусі. Гэта і беларуская мова ў сферы ІТ і віртуальнай прасторы, пытанні моўнай палітыкі і сацыялінгвістычная праблематыка, праблема выкладання беларускай мовы ў школе, ВНУ, моўных курсах і даследаванне беларускіх дыялектаў для сілкавання літаратурнай мовы і інш.

Як гэта заўсёды бывае на мовазнаўчых канферэнцыях, было месца падчас дыскусій для абмеркавання шырэйшых моўных праблем – такіх заўсёды актуальных тэм, як выкарыстанні «тарашкевіцы» і «наркамаўкі», кірыліцы і лацінкі, так і больш вузкаспецыяльных пытанняў, накшталт напісання «ў» пасля запазычаных слоў або тэрміналогіі ў ІТ-вобласці.

У той жа час, хай і не заўсёды відавочна, але адным са скразных пытанняў падчас большасці выступаў было «як мы можам захаваць беларускую мову і што трэба рабіць для гэтага тут і зараз?» На яго і спрабавалі шукаць адказы выступоўцы.

Пра што былі дыскусіі

Пасля прывітальных слоў і некалькіх дакладаў пленарнага пасяджэння праца канферэнцыі падзялілася па чатырох секцыях: «Моўная палітыка і сучасныя сацыялінгвістычныя працэсы ў беларускім грамадстве», «Стан беларускага мовазнаўства. Прыярытэтныя кірункі даследаванняў», «Інстытуцыйна-дыдактычнае забеспячэнне моўных патрэб беларускіх меншасцяў і «новай дыяспары» і «Матывацыя захавання беларускай моўнай ідэнтычнасці».

Выкладчыца і даследчыца беларускай мовы з Літвы Лілія Плыгаўка, расказваючы пра праблему выкладання беларускай мовы дзецям і дарослым у кантэксце адукацыйнай парадыгмы, закранула пытанне, якое апошнім часам гучыць усё часцей: нібыта для беларускіх дзяцей (у тым ліку з сем'яў беларускай меншасці за межамі Беларусі) трэба выкарыстоўваць падыход навучання беларускай мове як замежнай. Бо нібыта яны ўжо не засвойваюць мову ад сваіх бацькоў і рэдка чуюць ва ўжытку.

Спікерка была катэгарычна нязгодная з такім падыходам: на яе думку, беларускія дзеці адчуваюць беларускую мову добра на генетычным узроўні і ўжо праз кароткі час з лёгкасцю засвойваюць і ўзнаўляюць усе яе парадыгмы і катэгорыі. Даследчыца прапанавала выкарыстаць сімбіёз падыходаў у такіх сітуацыях: спалучаючы прынцыпы выкладання беларускай мовы – і як замежнай, і як роднай.

Мова - гэта маркетынгавы прадукт

Даследчыца з Чэхіі Іна Каліта выступіла з дакладам «Экалогія як асноўны канцэпт моўнай і дзяржаўнай адбудовы Беларусі», у якім агучыла цікавы падыход да беларускай мовы як да маркетынгавага прадукту. На яе думку, на сёння ў прасоўванні і распаўсюджванні беларускай мовы не дзейнічаюць старыя схемы. Даследчыца сцвярджае, што сёння трэба ўлічваць, як змянілася фарматы прасоўвання розных прадуктаў у апошні час, і інтэграваць усе новыя падыходы для распаўсюджвання і папулярызацыі беларускай мовы.

У размове з «Белсатам» Іна Каліта адзначыла, што сёння «мінуў час скардзіцца, якая мы бедная нацыя», як гэта нам прывівалі на ўроках літаратуры за савецкім часам. На яе думку, беларусам трэба падыходзіць да мовы як да канцэпту, як да маркетынгавага прадукту і спрабаваць выкарыстоўваць такія стратэгіі, якія да гэтага яшчэ не выкарыстоўваліся.

«Важна проста працаваць над тым, што ёсць мэта, да якой можна ісці рознымі спосабамі. Не тымі, якімі мы абвыклі. Новы час, не працуюць старыя схемы - ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы нельга дамовіцца аб тым, на што мы раней маглі разлічваць», - тлумачыць Іна Каліта.

Субяседніца адзначыла, што такім чынам мы можам «пазбавіцца ад усяго гэтага болю, ад усіх гэтых нараканняў, якія мы прывыклі звычайна чуць і ў беларускай класіцы, і цяпер у тым ліку на гэтай новай хвалі падзей».

«Проста эмоцыі пакінуць дзесьці ў скрыні, памятаць, што гэта ў нашай гісторыі ёсць, але ісці новым шляхам», – кажа Іна Каліта.

Мова сілкуецца з прыслоўяў

Польскі даследчык Міраслаў Янкавяк звярнуў увагу на важнасць вывучэння беларускіх моваў, у тым ліку на памежжы Беларусі з іншымі краінамі - у Літве, на Падляшшы ў Польшчы, у Латвіі. На яго думку, носьбіты беларускай мовы часта, імкнучыся адысці ад русіфікаванасці, кідаюцца ў бок слоўных адпаведнікаў, найбліжэйшых да польскай мовы. У той жа час, уласнабеларускіх слоў, якія ёсць у беларускіх прыслоўях, вельмі шмат, і імі абавязкова трэба карыстацца. Для гэтага важна весці работу па іх вывучэнні.

Аднак, кажа даследчык, зараз сітуацыя з гэтым не самая найлепшая. Колькасць даследчыкаў, якія займаюцца гэтай праблематыкай, за межамі Беларусі выглядае не вельмі аптымістычна: так, у Літве яму вядомы адзін даследчык, у Латвіі - таксама адзін, на Падляшшы даследаваннем беларускіх дыялектаў займаюцца пяцёра навукоўцаў, а «ва Украіне - ніхто».

У той жа час Міраслаў Янкавяк падкрэсліў, што беларускія дыялекты - гэта той варыянт беларускай мовы, які, у адрозненне ад мовы літаратурнай, развіваецца бесперапынна.

“Яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне і адлюстроўваюць гэты беларускі свет, які людзі вёскі бачаць вакол сябе. На мой погляд, вельмі важна даследаваць беларускія дыялекты, асабліва лексіку, каб не было праблем з напаўненнем слоўнікавага складу беларускай літаратурнай мовы”, – адзначыў Міраслаў Янкавяк.

Моўныя праблемы ў ІТ-сферы

Кацярына Сакалоўская, якая выступае ў ІТ-кампаніях у якасці перакладчыцы, акцэнтавала ўвагу на тым, што беларуская мова ў тэхналагічнай сферы сутыкаецца з мноствам разнастайных пытанняў. Адно з асноўных - недахоп добра распрацаванай і ўніфікаванай тэрміналогіі, а таксама крыніц і рэсурсаў, на якія можна было б спасылацца. Выступоўца падкрэсліла вялікі недахоп лінгвістаў, з якімі можна было аператыўна пракансультавацца наконт таго ці іншага пытання.

Іншыя ўдзельнікі канферэнцыі, у сваю чаргу, пагадзіліся, што беларуская мовазнаўчая навука вельмі марудна рэагуе на патрабаванні часу ў справе распрацоўкі новай тэрміналогіі.

Што да выкарыстання штучнага інтэлекту, выступоўца прывяла прыклад сацыяльнай сеткі Facebook, у якой штучны інтэлект праходзіць навучанне на аснове паведамленняў саміх карыстальнікаў. Але з улікам таго, што самі беларускія карыстальнікі не заўсёды валодаюць мовай добра, дык і навучанне штучнага інтэлекту будзе праходзіць не вельмі якасна. Таму вельмі важна, каб беларусы, па-першае, актыўна ўжывалі беларускую мову пры выкарыстанні штучнага інтэлекту, а па-другое, для навучання штучнага інтэлекту трэба выкарыстоўваць цэлыя пласты якасных тэкстаў.

Стварэнне Інстытута беларускай мовы

Адным з найбольш інтрыгуючых момантаў канферэнцыі стала прэзентацыя канцэпцыі Інстытута беларускай мовы (ІБМ) і падпісанне дэкларацыі аб яе стварэнні.

Прэзентавалі канцэпцыю ініцыятары гэтага амбіцыйнага праекта-мовазнаўца Вінцук Вячорка і філосаф Павел Баркоўскі, які таксама актыўна займаецца пытаннямі мовазнаўства.

Паводле слоў Вінцука Вячоркі, перадумовамі для стварэння інстытута сталі такія фактары, як архаічнасць методык і метадычных інструментаў выкладання беларускай мовы, тое, што дзяржава перастала быць матыватарам стварэння беларусазнаўчых кірункаў даследаванняў і выкладання за мяжой, спыніла супрацоўніцтва з замежнымі адукацыйнымі ўстановамі з выкладаннем па-беларуску ці беларускай мовы як прадмета. Мовазнавец адзначыў, што ў той жа час дзяржава не стварае рынак попыту на паслугі па-беларуску, а ў выніку гэтага глабальныя тэхналагічныя карпарацыі ігнаруюць ці маргіналізуюць беларускія прадукты.

У сувязі з гэтым мэтай дзейнасці інстытута было вызначана садзейнічанне зберажэнню беларускай мовы як асноўнага фактару нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і рэальнага сродку камунікацыі як унутры краіны, так і ў эміграцыі. У якасці задачы было абазначана забеспячэнне асновы для беларускай моўнай палітыкі і моўнага планавання для ўсіх магчымых сфер бытавання беларускай мовы праз стварэнне аўтаномнай незалежнай ад палітычнай кан'юнктуры і ўстойлівай навукова-практычнай і адукацыйнай установы.

Першачарговыя формы дзейнасці бачацца ініцыятарам ІБМ як стварэнне агульных і спецыялізаваных курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства для розных аўдыторый: універсітэцкі модуль для бакалаўраў і магістраў,

форма пасля падрыхтоўкі ў ВНУ (у тым ліку для палітолагаў), курсы для выхавацеляў дашкольных устаноў і настаўнікаў школ, а таксама для вольных слухачоў.

Прэзентатары вызначылі і некалькі груп, якія ў перспектыве будуць займацца навукова-практычным забеспячэннем у інстытуце: метадычнай, тэрміналагічнай, групы стандартаў і кадыфікацыі, лексікаграфічнай, анамастычнай і ІТ-групы. Але было падкрэслена, што гэта не фінальна пэўная колькасць магчымых груп - яны могуць дадавацца і трансфармавацца па меры неабходнасці.

У каментары «Белсату» Вінцук Вячорка зазначыў, што ідэя аб'яднання мовазнаўцаў і моўных практыкаў, якія апынуліся ў новых умовах, лунала ў паветры даўно. Бо іх патэнцыял і намаганні трэба было акумуляваць, «каб беларуская мова глядзела ў будучыню і набывала новых носьбітаў».

«Мы задумаліся аб пэўным наракаванні, гарызантальных кантактах, абмене ідэямі. І гэтая ідэя інстытута была б увасабленнем такой садружнасці намаганняў», - сказаў суразмоўца.

Пры гэтым Вінцук Вячорка адзначыў, што, нягледзячы на тую плённую і важную працу, якую робіць Інстытут мовазнаўства пры НАНБ і спецыялісты пры кафедрах беларускай мовы ва ўніверсітэтах, сітуацыя застаецца нявызначанай: беларусазнаўчыя кірункі даследавання, як і беларускамоўнае выкладанне могуць быць пад пагрозай, бо назіраецца скарачэнне даследаванняў.

«Усё гэта змушае думаць не пра альтэрнатыву, але пра падтрымку тых добрых спраў, якія рабіла беларускае мовазнаўства, каб яны не зніклі. І каб патэнцыял навукоўцаў, калі не быў запатрабаваны беларускай дзяржавай, быў запатрабаваны беларускім грамадствам. Так што гэта [стварэнне ІБМ] не ў піку, не ў альтэрнатыву, а хутчэй наадварот - для дапамогі і страхоўкі», - адзначыў Вінцук Вячорка.

Як паказчык дасягнення мэт дзейнасці інстытута Вінцук Вячорка паставіў бы ў першую чаргу дзейнасныя крытэрыі – гэта значыць, абслугоўванне існых патрэб беларускай мовы: напрыклад, дапамога спецыялістам з ІТ-галіны ва ўпарадкаванні тэрміналогіі або папулярызатарам беларускай мовы з методыкай, сцэнарыямі, міні-слоўнікамі і г.д. в.

Гістарычны момант

29 чэрвеня, пасля падвядзення вынікаў канферэнцыі, удзельнікі мерапрыемства супольна прынялі дэкларацыю аб стварэнні Інстытута беларускай мовы. Кожны з прысутных мог дадаць у тэкст дэкларацыі свае прапановы і фармулёўкі. Як зазначыў, Павел Баркоўскі падчас стварэння дэкларацыі, «гісторыя пішацца на нашых вачах» у літаральным сэнсе.

Стварэнне інстытута беларускай мовы стала, на думку філосафа Паўла Баркоўскага, практычным вынікам канферэнцыі і спробай даць сістэмны адказ на дэкларацыі аб тым, што ў беларускім мовазнаўстве існуюць праблемы і шмат пытанняў.

Што да ахвочых далучыцца да ініцыятывы, то, са слоў Паўла Баркоўскага, звязвацца з аргкамітэтам можна праз электронны адрас, пазначаны на сайце канферэнцыі, які неўзабаве будзе перароблены ў сайт самога інстытута. У найбліжэйшых планах будзе стварэнне тэлеграм-канала, дзе будзе форма зваротнай сувязі. Таму праз адзін з гэтых каналаў сапраўды можна будзе «дастукацца», сказаў ініцыятар стварэння ІБМ, бо на гэтым этапе інстытуту «патрэбныя ўсе» - як калегі-філолагі, так і папулярызатары, бо на сёння пытанне развіцця мовы - гэта перадавая барацьбы за тое, каб мова развівалася і не знікала.

Ну і відавочна, зазначыў Павел Баркоўскі, спатрэбіцца таксама дапамога саміх беларусаў, якія б бачылі патрэбнасць у інстытуце і звярталіся ў яго са сваімі надзённымі пытаннямі і прапановамі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках