2 лiпеня 2024, aўторак, 17:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У душы я адчуваў, што ўсё будзе добра!»

4
«У душы я адчуваў, што ўсё будзе добра!»

Беларусы на 24-гадовай Audi A6 рушылі ў тур па Еўропе.

Лета – у самым разгары і цешыць нас устойлівым гарачым надвор'ем. Беларусы выпраўляюцца ў доўгачаканыя вандроўкі, а чытачы прадаўжаюць радаваць Av.by аповедамі пра свае аўтатрыпы.

Сям'я з Магілёва ў траўні сёлета зрабіла тур па еўрапейскіх гарадах. На 24-гадовай Audi A6 беларусы праехалі пяць краінаў: Літву, Польшчу, Чэхію, Аўстрыю, Нямеччыну. Слова – падарожнікам.

27-гадовы Аляксандр працуе ў магілёўскім аўтасалоне Voyah, а ягоная жонка Алеся – у мясцовай філармоніі. Сямейны аўтамабіль у пары ў паважным ужо веку. У жніўні Audi A6 Avant споўніцца 24 гады!

ArticleImage Id:159075]

– Гэта мой першы аўтамабіль! Мы з жонкай завём яго бясконцы канструктар, беручы да ўвагі, што з моманту набыцця (амаль тры гады) аўтамабіль зменьваецца і выпраўляюцца хібы папярэдніх уладальнікаў, расказвае Аляксандр пра свайго жалезнага сябра.

Калі аднаклубнікі маладога чалавека даведаліся, што ён на гэтай машыне сабраўся ў Еўропу, не паверылі: на такім дзядку – ды ў такое падарожжа?

– А я ў душы адчуваў, што ўсё будзе добра!

Перад паездкай Аляксандр прывёў аўтамабіль у парадак: замяніў пярэднія падшыпнікі, а таксама правёў рэвізію ўсіх ролікаў, нацягвальнікаў і задніх амартызатараў.

– Як на мяне, самы класны варыянт падарожжа – на аўто. Убачыў нешта прыгожае – спыніўся, паглядзеў, сфатаграфаваў, – тлумачыць фармат сваёй задумы герой матэрыялу. – Такія адлегласці раней не пераадольваў. Максімальна доўгі аўтатрып да гэтага быў у Піцер і назад. Яшчэ адна з прычынаў, чаму паехалі на машыне, – атрымаць досвед кіравання ў іншых краінах.

– Увесь маршрут планавала жонка на аснове нашых агульных жаданняў убачыць пэўныя месцы. Бо ехалі праз вялікія прыгожыя гарады, было б фатальнай памылкай не паглядзець іх. Наш маршрут па гарадах быў такі: Магілёў – Вільня – Беласток – Варшава – Брно –Вена – Грайнаў (Цугшпіцэ, воз. Айбзэ) – замак Нойшванштайн – Мюнхен – Інгальштат – Обер-Рамштат – Дадэн – Зіген – Берлін.

– Мы доўга думалі, праз якую мяжу паехаць. Пастанавілі, што праз Літву будзе хутчэй… У выніку разам з калідорам чакання і ўсімі астатнімі момантамі праезд мяжы заняў 11 гадзінаў. Пасля мы заехалі ў Вільню, пашпацыравалі там і рушылі далей у бок Польшчы.

– У Літве дарогі мне не спадабаліся. Вельмі шмат было рамонту, ды і якасць пакрыцця вымушала жадаць лепшага. А вось у Польшчы карціна памянялася ў лепшы бок. Пераначавалі ў Беластоку і паехалі ў Варшаву!

– Пасля Варшавы мы скіраваліся практычна на мяжу Польшчы і Чэхіі, пераначавалі там. Потым рушылі далей. У горадзе Брно паглядзелі славутасці, папілі чэшскага піва. Паехалі ў Вену.

– На мой погляд, гэта адзін з самых прыгожых гарадоў за ўсю паездку, але і самы нятанны. Нумар мы знялі ў хостэле за 57 еўраў. І гэта быў проста маленькі пакой. Вельмі маленькі! За паркоўку ў Вене мы аддалі блізу 25 еўраў. Увогуле жыллё бранявалі праз «Букінг». Імкнуліся браць недалёка ад месцаў, куды хацелі патрапіць, але і не ў буйных гарадах. Нам важна было, каб мы жылі толькі ўдваіх у пакоі. Атрымалася знайсці бюджэтныя гатэльчыкі і пакоі ў дамах. Вось што выйшла з выдаткамі на жыллё: Беласток (Польшча) – € 25, Камяніца (Польшча) – € 20, Вена (Аўстрыя) – € 40, Тэгінг-ам-Ін (Нямеччына) – € 55, Мюнхен (Нямеччына) – € 60, Штэтэн (Нямеччына) – €42, Обер-Рамштат (Нямеччына) – €45, Зіген (Нямеччына) – €45, Герсдорф (Нямеччына) – €37,5, Берлін (Нямеччына) – €67, Хелмна (Польшча) – € 30.

– Пасля Вены мы ўжо рушылі ў бок Нямеччыны. Скажу пра аўтабаны... Гэта нешта! Імкнуўся ехаць з хуткасцю плыні, але ў крайняй паласе часцяком выскоквалі мясцовыя ліхачы… Асабліва гэта было адчувальна па дарозе з Вены… Ішла моцная залева, мы трымалі хуткасць 130–140 км/г… Машына ў нас поўнапрывадная, таму нават у такое надвор'е пачуваўся ўпэўнена. Момантамі, калі даводзілася абганяць плынь праз крайнюю левую паласу, патрабавалася быць напагатове, бо кіроўцы ездзяць там пад 200 км/г і больш…

– Спыніліся мы ў невялікім мястэчку ў Нямеччыне, пераначавалі і паехалі ў горы. Я марыў убачыць горы на свае вочы! Выправіліся мы на Цугшпіцы – гэта самы высокі пункт у Нямеччыне…

– Дарэчы, з гэтай краінай у нас звязаныя не толькі прыемныя асацыяцыі. Тут здарыліся і першыя форс-мажоры нашага падарожжа. Праблема ўзнікла з браняваннем жылля пад Мюнхенам. Мы прыехалі на ўказаны адрас позна ўвечары і даведаліся, што ўладальнік будынка ўжо не здае жыллё для «Букінга». А грошы намі выплачаныя… Давялося ехаць на ўскраіну самога Мюнхена, каб зняць новы гатэль. Наконт папярэдняга месца жылля ўжо разбіраліся з сэрвісам. У выніку нам пакрылі ўсю суму за старое жыллё і кампенсавалі часткова за браняванне новага. А другім форс-мажорам стаў затор на трасе па дарозе ў Берлін праз аварыю. Замест трох гадзінаў шляху мы аддалі блізу шасці з паловай.

– Агульны кіламетраж склаў прыкладна 5 300 кіламетраў. Усяго мы заправілі 277 літраў. Сярэдні выдатак атрымаўся прыблізна 5,3 л. На мяжы паміж Літвой і Беларуссю залілі 42 літры, на мяжы з Польшчай і Чэхіяй – 50, у Аўстрыі – 45. У Нямеччыне залілі яшчэ 40 літраў, у Польшчы – 55. І ўжо ў РБ – 45 літраў. На здзіўленне машына не падвяла нідзе, паломак не было! Віньеткі па ўсіх платных дарогах нам абышліся на 22 еўры.

– Калі хтосьці захоча паўтарыць наш маршрут або пракласці падобны, раю загадзя праверыць наяўнасць платных дарог на шляху і загадзя паглядзець паркоўкі для аўтамабіля ў тых месцах, якія збіраецеся наведаць. Бо стаянкі ў буйных гарадах нятанныя! Гадзіна паркоўкі можа каштаваць і 5 еўраў!

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках